Перакуры звялi нас i з двума цiхiмi хлапцамi-блiзнятамi, якiх нiхто ўсё адно не мог адрознiць i таму мянушку яны мелi ў множным лiку - Зваршчыкi. На "хiмii" зварачных апаратаў у iх у руках нiколi не бачылi, але на волi браты сапраўды працавалi зваршчыкамi i недзе пад Цюменню пасадзiлi ў трубаправод i акуратна заварылi начальнiка ўчастка. Уперад галавою ён, разважаючы над праблемай справядлiвага закрыцця нарадаў, мог паўзцi да самай эўрапейскай часткi СССР, а ўперад нагамi - усяго нейкiх кiламетраў дваццаць. Начальнiк здолеў абраць правiльны маршрут i, нiбы прарок Iёна з чэрава левiяфана, выбраўся з трубаправода на свежы ветрык за дзень да таго, як у трубу пусцiлi газ. Дзякуючы гэтаму блiзняты атрымалi на судзе няшмат. Зрэшты, калi б начальнiк папоўз у Эўропу, мо не атрымалi б нiчога, бо сведкаў у тундры не было.

Пару дзён нашая брыгада працавала на белаярскай прыстанi докерамi. Поплеч з намi варочалi скрынкi з "777-м" i з няспелымi яблыкамi трое бiчоў - два грывастыя нямытыя i няголеныя хлопцы i дзяўчына з русай касой, якую - каб не пракураныя жоўтыя зубы i не прыцьмелыя вочы колеру мешкавiны - можна было б назваць "русской красавицей". Дзяўчына, праўда, скрынкi не цягала, а асядлаўшы адну з iх, бясконца курыла, запiваючы цыгарэтны дым дагестанскiмi "трыма сямёркамi". За ўвесь дзень яна адкрыла рот, здаецца, толькi раз - дзеля таго, каб, схапiўшы мяне за рукаво штармоўкi, прамовiць: "Запомни, мальчишечка: когда идешь к женщине, не забывай захватить плетку". Уражаны тым, што бiчоўка чытала Нiцшэ, я ледзьве не выпусцiў з рук скрынку з батарэяю бутэлек. Прыгажуня дапамагла мне справiцца з цяжарам, каралеўскiм рухам пераправiўшы са скрынкi да сваiх ног яшчэ адну пляшку, i зноў патанула ў фiласафiчным маўчаннi.



7 из 45