Увечары, калi на беразе Кецi мы замочвалi з бiчамi докерскi заробак - па 50 рэ на брата, стала вядома, што калегi вучылiся ў маскоўскiм авiяцыйным iнстытуце, два гады таму прыехалi сюды ў будатрад i, надыхаўшыся сiбiрскаю вольнiцай, назад у сталiцу не вярнулiся. "А пошла она в аэродинамическую задницу!" - з прафесiйнай вытанчанасцю выказалася няспраўджаная авiяканструктарка.

Напрыканцы балюшкi бiчы пачалi бесцырымонна-слiнява цалавацца - усе ўтраiх - i ўрэшце, прыхапiўшы па пляшцы "777-га", дружна залезлi пад перакулены баркас.

Ранiцой мы сталiся сведкамi iхняга сняданку. Пакуль хлопцы пахаджалi па беразе, робячы фiзiчныя практыкаваннi, жаўтазубка паслала на траве каля баркаса неверагодна брудную насоўку i падзялiла на тры кавалкi хлебную гарбушку. "Ох, мальчишечка, как бы я тебя вы... - невядома да каго з нас летуценна прамовiла яна i, соладка пацягнуўшыся, какетлiва дадала: - Но нельзя, дружок, нельзя, ребята заругают, ревнивые - ужас".

У Бл. Яры я паспеў пазнаёмiцца i з кучаравым Сашкам родам з-пад Жлабанска, як ён называў Жлобiн, дзе прамiнула ягонае дзетдомаўскае дзяцiнства.

Адно цыганiстае Сашкава брыво перасякаў безвалосы шнар - узнагарода за шкадобу да чацвераногiх сяброў.

Паводле няпiсанага статуту ў дзетдоме рэгулярна наладжвалiся гэтак званыя сабачнiкi. Чаму забава так менавалася, уцямiць цяжка, бо ў ёй бралi ўдзел не сабакi, а каты. Злоўленых у наваколлi катоў старэйшыя выхаванцы, адцягнуўшы на загрыўку ў братоў сваiх меншых шкуру, прыбiвалi цвiкамi да плота, а за дваццаць крокаў ужо чакалi складзеныя загадзя крушнi. Ратаваць жывыя прыцэлы не забаранялася, аднак каменны град не павiнен быў нi на хвiлю слабець.

У сiрочым прытулку бытавалi й iншыя традыцыi. Старэйшыя, напрыклад, вучылi малодшых лаяцца матам. Трохгадовых дзяўчынак абыдзень ставiлi на "зважай" i прымушалi па сто разоў голасна паўтараць: "я - б...", "я - б...", "я - б...".



8 из 45