
- Гэта вясной?
- Ну. Дастаюць недзе, халеры.
- Канешне,дастаюць. Тыя, хто талент маюць, як кажа наш дзед Лявон...
- Глядзi, жывы яшчэ?
- Жыве. Што яму. Нас з табой перажыве. Дык, кажа, талент трэба. Кожнаму ў жыццi выпадае па яго таленту. Што зрабiў - тое i палучай.
- Ну, не кажы! Тут я не згодны. Талент - талентам, а i лёс не мiнай. Цi там случай. Ён тожа, брат, многа значыць. Часам, што чорт з шапкi выме, тое i будзе. У цябе вунь двайня, а ў мяне во, бач, кульба. Дзерава! Думаеш, яна мала мяне памучыла? Ого! Двойчы рэзалi. Як пiлуюць - не чутно, бо ўсыпляюць. Затое пасля - хоць на сцяну лезь. А Краўчонак вунь гойсае на дзвюх ды яшчэ з ордэнам. А разам, у адной роце, ваявалi.
- Гэта якi Краўчонак? З Замошша?
- Ну а якi ж! Ордэн Ленiна атрымаў. За Кiшынёў. А бывала, трусаваты быў. Яшчэ я падганяў усё. Зямляк жа.
- Ну, мусiць, гэта ты загiбаеш. Каб трусаваты, не далi б.
- Не верыш? Яй-богу, не хлушу. Далi - было за што, гэта праўда. Але тут, браце, болей чорт цi выпадак паспрыяў. Я ж ведаю. На маiх вачах усё было.
- Гэты цi не ў Ясса-Кiшынёўскую?
- Ну! Узводны паслаў трох - сяржанта Дзянiсава, мяне i гэтага Краўчонка. Лiнiю зматвалi. Якраз цераз лес дарожка iшла. Лес, скажу табе, спрэс дубовы, мацнецкi лясок. Дубы аж да неба i падлесак ладны. Iдзем. Дзянiсаў наперадзе, слаўны такi хлапец, сiбiрак, малады яшчэ, а геройскi, два ордэны меў, камандзiрам быў лiнейнага аддзялення. За iм я - кручу на шпульку, а шпулька старая, халера на яе, усё заядае, шасцяронка спрацаваная.
- Трафейная, мусiць?
- Не, шпулька свая, памятаю. А кабель, праўда, трафейны. Чырвоны. У наступленнi яго процьма. Мы не вельмi i даражылi iм, калi дык i не зматвалi, адключыш апараты i далей. На новым месцы знойдзем i кабель.
- Во як! А мы, памятаю, у абароне на калючым дроце працавалi. Замест кабелю - калючкi ў траншэi i нiчога - балакае начальства.
