
- Дык то ж у абароне. У абароне на ўсё лiмiт: на харч, снарады, махорку нават. У наступленнi ж наконт гэтага раздольна. I шнапсу трапляла нават. Дык лiнiю тую трэба б кiнуць, i ўсё. Але Дзянiсаў не даў. Загадана, кажа, значыць, трэба выканаць. Службiст быў. Ну iдзем i матаем. Краўчонак поўныя шпулькi нясе. Ужо, напэўна, вярсты са дзве знялi, у Краўчонка тры цэлых шпулькi, у мяне амаль поўная. I Краўчонак усё азiраецца, вядома ж, боязна iсцi ззаду. А скажу табе, немчуры там поўна было. Абкружылi ж iх пад Кiшынёвам...
- А, чуў. Лектар неяк казаў. Быццам пятнаццаць тысяч.
- Гэ, пятнаццаць! Дрэнна ён тады ведае, твой лектар. У цябе гарыць?.. Халера, някрэпкiя сталi сiгарэты, ды i не гараць. Падмочаныя, цi што?.. Пятнаццаць? Усе трыццаць. Цi нават пяцьдзесят. Яны, брат, як ваўкi, паразбягалiся, хто куды. Каторыя, праўда, у палон здавалiся, а каторыя эсэсаўцы, власаўцы цi там начальства, - тыя ўсё на захад, напралом да сваiх. З гэтымi ў нас стычкi былi ого! Браце ты мой! Камандзiра брыгады там паранiла. Ага, дык iдзем, значыць, i чуем, быццам за кустамi тожа хтосьцi нiбыта брыдзе. Прыслухалiся - сцiхла, быццам i няма нiкога. Толькi зноў рушылi, Дзянiсаў як крыкне: "Хальт!" Я, знаеш, за шпулькай так i прысеў. А Краўчонак ужо ляжыць. I тут, бачым, у кустах як iрванецца - чалавек з пяць. Наўцёк. Я толькi спiну аднаго ўбачыў - блiзка, во як да зруба. Шапка iхняя i шынель з чорным каўняром. Я шпульку ўбок i за аўтамат. А Дзянiсаў: "Стой, - кажа. - Так возьмем". I чаргой па дубах - ажно кара пасыпалася. Верхам браў, значыць. I сам туды, у кусты. Я за iм. О, чакай, брыгадзiр коцiць. Фёдар! Фёд! Дык гэта наконт каня як?
- На калi?
- На заўтра ранiчкай...
- Заўтра не будзе. Заўтра ветправерка. На яшчур.
- Во хай яе. Ну, можа, пад вечар?
- Кажу, заўтра нельга.
- Калi ж тады?
- Пройдзе праверка, пасля. Цяпер некалi.
- Ну канечне ж, некалi яму. Пагнаў у Стайнiкi да Iллючонка чымергес пiць. Не вiдно хiба. Да...
