Пануры чалавек любiў работу! А колькi ён зарабляў - пра гэта невядома. Вiдаць было адно тое, што ён вельмi чорны i нейкi зямлiсты. Пры iм быў яшчэ хлопчык. Калi бацька быў на рабоце або калi, не маючы работы, стаяў з працягненаю рукою, хлопчык быў дзесьцi сам па сабе. Варочаўся да бацькi ён увечары. Спаць яны клалiся разам, акрываючыся ўдвух адным салдацкiм шынялём. Пасля ўсходу сонца бацька ўставаў: ён пачынаў дбаць пра будучыню, ён не мог згуляць анiводнай хвiлiны. Кожная хвiлiна павiнна была даць што-небудзь у скарбнiцу той будучынi.

Гэты чалавек быў нешчаслiвы, але ён не заўважаў таго няшчасця - гэтак моцна i ўпарта не паддаваўся ён сённяшняму дню, каб прыдбаць сабе тое, што прыйдзе пасля. Ён як бы не заўважаў самога сябе i ўсяго, што было навокал яго: усё гэта калi-небудзь павiнна мiнуцца, бо нiчога ж няма вечнага. I не толькi самога сябе не заўважаў чалавек. Было падобна да таго, што ён не заўважае i свайго сына. Так, раз на тыдзень папытае яго, дзе ён ходзiць i што ён робiць. Сын жа жыў ужо сваiмi iнтарэсамi i, здаецца, гэтаксама мала цiкавiўся бацькам. Гора зблiжае людзей, гэта факт. Але тут чалавекам апанавала адна iдэя. I ўсё iншае пайшло ёй у ахвяру. Гэта была iдэя таго, што трэба перабыць, перагараваць гэтыя днi i зрабiць сабе тое, за што можна будзе ўхапiцца, калi цяперашняе гора пройдзе. Аднойчы памiж бацькам i сынам адбылося вось што. Сын (яму было цяпер год дванаццаць) не прыходзiў да бацькi больш за тыдзень. Апошнiя днi гэтага тыдня бацька пачаў тужыць - дзе дзеўся хлопец. Хлопец прыйшоў апоўднi i знайшоў бацьку за вакзалам, на чыгунцы. Бацька бiў каменне велiзарным молатам.

- Зноў работу дастаў? - сказаў хлопец.

- Дастаў, - адказаў бацька.

- Я табе хачу сказаць... - загаварыў хлопец.

- Пачакай, - перабiў яго бацька, - зараз будзе перапынак на полудзень, дык тады скажаш. А то гаварыць пры рабоце нязручна. Старшыня будзе крывiцца.



11 из 25