Як нежывы, дайшоў чалавек дадому. На двары ён яшчэ пастаяў, паслухаў. Кананада пачыналася здорава. З гукаў можна было меркаваць, што яна далёка, але ж яе чуваць, а гэтага тут раней яшчэ нiколi не было. Дома ўсе спалi i нiчога не чулi. Ён не пайшоў у хату, а падаўся на ток, на салому. Ён трывожна прадрамаў цэлую ноч. Ранiцою было цiха, але апоўднi з новай сiлай, мацней, як уначы, блiжэй, значыцца, чуваць было вайну. Яна, значыцца, даганяла чалавека, не давала яму атрапаць ад яе рук! Яна гналася за чалавекам свежым следам, i нiчога iншага чалавек не мог тут парадзiць.

Можа, яшчэ прайшло якiх два цi тры днi. I за гэты кароткi час аж, здаецца, сама мясцовасць змянiлася: зноў пайшлi дарогамi ўцякацкiя фурманкi, i гэта ўжо былi тутэйшыя людзi, з гутаркi можна было адразу пазнаць i з выгляду (раней, быў нядаўна час, ехалi людзi з Польшчы). А яшчэ праз некалькi дзён упартага гарматнага грому дзесьцi далёка войска заняло ўсю мясцовасць.

Пятро Тадаровiч нацягнуў ужо на свае растрыбушаныя драбiнкi верх з пасшываных старых мяшкоў. У тыя днi ён выехаў сохнучы, ныючы, повен пакутнае смагi да жыцця i чуючы перад сабою адно - чорную навiсь смяртэльнай навалы. У кiшэнi яго ляжала добра зашытая моцнымi нiткамi паперка на пяць дзесяцiн зямлi з панскага маёнтка. Вайна гналася следам за iм. Яму давялося змяшацца з тысячамi ўцякацкiх фурманак на восеннай дарозе. Як ён нi ратаваўся з таго агульнага гора, яно ўсё адно спасцiгла яго.

III

Наступным годам, а можа, i двума, бачылi чалавека на брудных вакзалах, там, дзе было цясней, брудней, чарней, бяздольней. Можна было думаць, што чалавек нiчога iншага не ведае, нiколi не бачыў, - гэтак спакойна i панура ён увечары клаўся спаць дзе-небудзь ля сцяны, на цэментовай заплёванай падлозе, або, калi дазваляла надвор'е, на стаптанай траве цi на апыленым лопусе. Усю сваю маёмасць чалавек падсцiлаў пад сябе i падкладаў пад галаву. Часамi яго бачылi, i даволi доўгi час, як ён дзень пры днi стаяў на шумных праходах з працягненаю рукою, часамi чалавек даставаў работу i рабiў вельмi цягавiта.



10 из 25