
- Ну, дык я з табою зранку заўтра яшчэ развiтаюся. Ты заўтра робiш? Дзе ты будзеш заўтра?
- Заўтра нядзеля, работы няма.
- Дык прыйдзi на вакзал зранку. Заўтра наша часць выязджае.
Хлапчук паважна i стала сказаў гэта i пабег. Пасля пайшоў паволi, два разы азiрнуўшыся на бацьку. Бацька ўжо бiў з-за вуха молатам у камень.
Назаўтра зранку чалавек убачыў свайго сына.
Гэтае малое хлапчанё мела такi выгляд, як быццам бы не будзь ён памiж салдат на вакзале, дык у адзiн момант зруйнуецца ўвесь свет. Хлапчанё было у мiнiяцюры салдат расейскай армii: шынялец, боты (праўда, у адзiн той бот можна было яму зараз дзве нагi ўсаджваць), пагоны з сiняга сукна, учарашняя цэшка на шапцы, шырокая папруга па шынялi пад хлясцiк. Малы з гордаю знявагаю да ўсяго, што толькi было перад iм, трымаўся навыцяжку, браў рукi па швах...
- Здароў! - сказаў ён бацьку.
- Не забывай мяне, сынку. Ты яшчэ малы, ты яшчэ дзiця...
Салдаты рушылi на перон, малы з iмi. Ён нават меў за плячыма нешта накшталт салдацкага ранца. Бацька паспеў адно развiтацца з сынам. На перон ужо яго не пусцiлi. Ён выйшаў з вакзала сумны. Штосьцi пакутнае цяжка варочалася ў грудзях яго. Ён чуў цяпер сябе страшна самотным, як бы сярод мора на гнiлой дошцы. Ён чуў, як прыходзiлi i адыходзiлi цягнiкi, як маршыравалi салдаты, змучаныя конi цяглi гарадскiмi вулiцамi гарматы, не менш змучаныя людзi, прыбiтыя, прыглушаныя, штосьцi рабiлi каля гэтых гармат, штосьцi адзiн аднаму загадвалi, гаварылi, злавалi, лаялiся, маўчалi... Восеннае сонца пякло над горадам. Вулiцы былi пыльныя. Народу было на вулiцах поўна. Званiлi ў царкве. Гук быў густы, моцны, не гэтакi, як калiсьцi там, адкуль выгнала вайна. Адчуванне самотнасцi ў чалавека было большае, як тады, калi ён астаўся адзiн на вайне ля зруйнаваных акопаў.
