Ён прабадзяўся з паўдня па гораду, заходзiў у царкву, стаяў пад гiпнозам iмшы, вярнуўся ў барак, лёг на сваё месца i маўчаў. Навокал адчувалася вайна: салдаты, уцекачы, бядота, смерць (не толькi там, на фронце, салдацкая смерць, але i тут, яшчэ страшнейшая, у цiхiх кутках, у трантах, у брудзе, у вошах). Ён нiчога не думаў больш у той дзень. Ён не мог знайсцi нi пачатку, нi канцоў, нi прычын - нiчому: нi вайне, нi смерцi, нi голаду. Як муха ў вадзе. Ён нiчога не разумеў на свеце.

У наступныя днi ён зноў хадзiў на работу. Быў яшчэ больш пануры i з яшчэ большай упартасцю абмацваў паперку на пяць дзесяцiн зямлi за пазухаю i грошы ў нагавiчнай паяснiцы.

Ад сына нiякае весткi ён больш ужо не меў. Можа, той i пiсаў бацьку што, але бацька ў бараку доўга не быў. Ён неўзабаве, мокрым i халодным восенным днём, прамок i захаладзiўся на рабоце. Назаўтра на работу ён не выйшаў, а на трэцi дзень быў у вялiкай гарачцы. Яму пашанцавала: праз дзён дзесяць яго завезлi з барака ў больнiцу. Там ён i пракачаўся вельмi доўга, нешта аж усю зiму, да самай вясны. Калi адбывалася рэвалюцыя, ён ужо хадзiў па больнiчным пакоi, падоўгу прастойваў ля акна, глядзеў на залiтыя сонцам тратуары i сцены. Чалавек быў гэтымi часамi вясёлы. Перш за ўсё рэвалюцыя. Як бы ён нi разумеў яе, якую б яе нi бачыў цi, праўдзiвей, адчуваў, але ведаў ён адно цвёрда i ясна: яна за яго, яна iдзе на дапамогу гэткiм людзям, як ён. Як клаўся ён у шпiталi, ён вельмi старанна выбраў з паяснiцы грошы, далучыў да iх паперку на пяць дзесяцiн зямлi, усё гэта завязаў у хустачку i паклаў пад падушку. Хоць быў ён i ў гарачцы, але на гэта ў яго знайшлося яшчэ сiлы i яснасцi ў галаве. З гарачкi ён усё гаварыў пра гэтыя грошы, пра пяць дзесяцiн зямлi, пра дамоўку, пра тую часiну, калi ён зноў возьмецца нацiраць спакойна мазалi на руках i нагах i цiха сабе лiць сёмы пот на зямлi. Больш нiчога яшчэ не трэба. I нiкога яму не трэба. Увесь свет па сабе, i ён па сабе. I от прыйшла аднекуль рэвалюцыя. Што такое гэтая рэвалюцыя? Яна ёсць дадатак да грошай у нагавiчнай паяснiцы i да паперкi на пяць дзесяцiн зямлi.



15 из 25