- Але сам сабе давёў, што шукаў яго, што сумленне тваё перад бацькам чыстае?

- Няхай сабе i гэтак. Справа, бачыш, вось у чым. Ты не забыўся яшчэ, вядома, калi мы забiралi тую мясцовасць, дзе было вельмi шмат партызанаў. Там, дзе нам было б вельмi цяжка, каб не памаглi нам партызаны. Дык от у той мясцовасцi праходзiць гасцiнец. Памятаеш? Мы з табою ляжалi ўначы ля самага гасцiнца, у мокрай ад расы траве, пад змрочным святлом маладога месяца. Там ля дарогi ляжала куча камення, у тым месцы, дзе палетак узбягае, здаецца, на самы гасцiнец. Я табе тады быў паказаў на тое каменне, а ты быў падумаў, што я там заўважыў нейкi рух i пачаў прыглядацца...

- Памятаю. Ну, ты мне тады гаварыў, што там пахаваны твае малыя брат i сястра, каля тых каменняў.

- Ты пачуў гэта як факт. I гэта зусiм натуральна. Але мне гэта больш як факт. Я тады быў малы, але самы большы з дзяцей майго бацькi. Я памятаю ўсё. I гэтае "ўсё" - трэба, каб ты зразумеў. Чалавек хавае сваiх дзяцей, зараз двое. А за некалькi дзён да гэтага ён пахаваў сваю жонку - мацi гэтых дзяцей. I от, калi ён ужо засыпаў сваiх дзяцей зямлёю, калi ўжо назбiраў каменьчыкаў i на гэтай магiле гэтак, як рабiлi яго бацькi i дзяды, вылажыў з гэтых дробных каменняў крыж, тады глянуў на мяне, на дзiця, на ўсё тое, што асталося ад яго сям'i. Справа не ў тым, што ён плакаў цi не плакаў, што ён енчыў, кiдаўся на гэтую магiлу тварам. Справа ў тым, што ён быў як малое дзiця. Ён анiчога не разумеў, што гэта з iм i з людзьмi робiцца. Ён тады, паглядзеўшы на мяне, сказаў мне, гэта я назаўсёды памятаю: "Чалавека апаноўваюць з усiх бакоў няшчасцi, i хто здолее выратавацца, той шчаслiвы. А таксама трэба спагадаць людскому гору. Цяпер нам будзе добра, каб хто нам, сынку, з табою паспагадаў". Мы ў той дзень да самага вечара прасядзелi з бацькам ля гэтай магiлы. Я, малы, назаўсёды памятаю тое месца: паласу вёсак, глухi горад непадалёку, камянiсты ўзгорак, на iм кучка хвойнiку i ўбаку маёнтак.



18 из 25