Я табе пасля тае начы паказваў той маёнтак. Мясцовасць тую я пазнаў адразу, як толькi наша часць падышла была тады i злучылася з партызанамi. Але я адышоў ад таго, пра што расказваю. Дык от, як сонца пачало заходзiць, мы з бацькам сабралiся рушыць далей у дарогу. Вайна гналася следам за намi. Мы паехалi на сваiм здохлым канючку. Памятаю, я сядзеў унурыўшыся, у лахманах, бацька ў перадку. Я ўсё, памятаю, хацеў дачакацца зручнага моманту, запытацца ў бацькi, калi мы i дзе зноў спаткаем i возьмем з сабою сваiх, тых, што пазакопвалi ў магiлах пры бiтай дарозе, але ўсё баяўся запытацца, бо ведаў, што бацька ад гэтага яшчэ горш гараваць пачне. А ў гэтым кiрунку iшлi тады мае дзiцячыя думкi таму, што, калi ўмiрала на возе мацi, яна сказала мне: "Не плач, маё дзiця. Я гэта на кароткi час пакiну вас, пасля, нават хутка, мы зноў спаткаемся". От i ўсё, чым яна магла ў тую страшэнную хвiлiну пацешыць мяне. Пекла гэта цi не, калi цэлыя пакаленнi гэтак жывуць i ўяўляюць сабе свет? Сама што мы выехалi i далучылiся да цэлага шэрагу ўцякацкiх незнаёмых фурманак, як убачылi, што з маёнтка на тракт выязджаюць два аўтамабiлi. Бацька мой у гэты момант гаварыў мне: "Што ж, хто багаты, таму што! У таго нiхто не памрэ гэтак у дарозе. Чорт яго не возьме гэтакага. Таму ў горла мядовыя рэчкi самi цякуць. Таму вайна не страшна". У гэты самы момант бацька, яшчэ не скончыўшы гаварыць, раптам змоўк i рвануў з галавы шапку. Крыху прыўзняўся з свайго месца i скланiўся з прынiжанасцю малога чалавека перад вялiкiм. Гэта два аўтамабiлi праязджалi паўз нас. Здаецца, чалавек з пярэдняга аўтамабiля пазнаў майго бацьку, бо (я тады гэта добра заўважыў) кiўнуў галавою на яго прывiтанне. Але не спынiўся. Аўтамабiлi адно блiснулi паўз нас. Бацька шукаў разрыўкi. Ён iшоў з суседам па фурманцы збоку дарогi i расказваў яму, што гэтага пана ён выратаваў на вайне нядаўна. Пан гэты палкоўнiк нядаўна быў, а цяпер, мусiць, ад вайны з свайго маёнтка выехаў. Але чаго ён з гэтага маёнтка выехаў?



19 из 25