Месцамi гэтыя акопы былi зруйнаваны гарматным агнём: зямля з краёў паабсыпалася; бясформенная чарната была ў гэтых правалах. Ля адной з гэтых акопных руiн салдат спынiўся: дзесьцi далекавата ён пачуў чалавечыя галасы. Ён прыгледзеўся i пачаў заўважаць, як у некалькiх месцах пстрыкалi святлом электрычных лiхтарыкаў. Санiтары забiралi раненых, ходзячы па полi. Салдат прысеў на краi акопа. Цi iсцi да санiтараў, цi што рабiць? У гэтую хвiлiну яму хацелася, каб рана яго была большая, каб ён доўга мог праляжаць далёка ад вайны ў шпiталi, без думак, як бы кожную хвiлiну ўратавацца ад смерцi. Даволi было яму аднаму пабыць гэты малы час тут, на цiхiм полi, у цiхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьцi наперад, зноў паўстала перад iм з усёю сваёю сiлай. А куды яна пайшла, вайна, салдат не ведаў i не хацеў ведаць. Нават думаць пра гэта яму было страшна.

Ён быў слабы, змучаны i бязвольны, гэты чалавек.

Так, як прыгiнаўся ён разам з усiмi на першай лiнii, пачуўшы, як нямецкi гарматны "чамадан" рэжа паветра, так i цяпер ён як бы прыгнуўся перад жалезнаю хадою падзей: усё робiцца само па сабе, незалежна ад яго, i яму толькi астаецца чакаць - можа, i мiне яго страшная навала; ну, або старацца быць далей ад усяго i блiжэй да самога сябе; сам сабе чалавек не вораг!

Сам сабе чалавек не вораг! Гэты салдат, што сядзеў цяпер перад чорным акопам, уночы, адзiн, пад зорным небам, каб мог выразна запытацца сам у сябе пра гэта, не сказаў бы, дзе канчаецца ў чалавека вораг самому сабе i пачынаецца прыязнь. Ён, бадай, так сфармуляваў бы сваё разуменне свету: свет вялiкi, i ў свеце незлiчонасць усялякiх падзей i здарэнняў. Некаторыя з iх добрыя чалавеку, некаторыя варожыя. I кожны чалавек iмкнецца ўнiкнуць варожага, злога i мець дачыненне з добрым. А чалавечая дзейнасць? Чалавек стараецца дзейнiчаць сабе на дабро; i гэтае дабро чалавек сабе зробiць, прыдбае, калi чалавеку пашанцуе. Гэтакi чалавек можа быць, напрыклад, багаты - ён не гаруе на свеце.



2 из 25