Але найчасцей чалавека апаноўвае гора. Таму большасць людзей могуць расцанiць жыццё як бесперапыннае i бясплённае змаганне з пакутамi. А што такое вайна? Вайна таксама ўваходзiць у той жалезны шэраг няшчасцяў, што адвеку ўсталяваны i час ад часу сыходзяць на чалавецтва, як сыходзяць голад, хвароба, смерць, i кожны чалавек ратуецца i трапечацца, як можа, жывучы на свеце. I от ён, Пятро Тадаровiч, цяпер жыве ў самай чорнай навале няшчасця. Калi ўсё жыццё яго было як змрок, у якiм сягды-тагды высвечвалi зоры, дык цяпер нiякiя зоры нiдзе не свецяць. "Божа, выратуй мяне", - прасiлася ўся iстота гэтага чалавека. Свет стаяў навокал яго, над iм i пад iм усiм багаццем сваiх праяў; стаялi пад месяцам чорныя лясы, халадзiла чалавечае цела цiхiм i радасным холадам зямля. Неба палавела, i на iм папялелi зоры, i на iх месцы высвечвалi новыя i ўсё тлелi i тлелi. Iшла няспынная плынь часу, цякла ў бездань без канца i пачатку. "Гэты свет i плачучы пераплачаш, а той - i скачучы не пераскочыш" - як грозная практыка асуджанасцi, стаяла над чалавекам нявольнiчная фiласофiя. Праўда, нi пра якi "той свет" чалавек не думаў, але "гэты свет" увесь губляўся ў чорнай безнадзейнасцi.

Дзесьцi на ўсход сонца ад таго месца, дзе сядзеў цяпер салдат, неяк лiпела на свеце яго сям'я. Ён думаў пра дзяцей тады, калi адыходзiла ад яго няшчасце: вайна! Гэта было за ўвесь гэты час, калi даводзiлася быць у тыле армii або калi доўга цягнуўся спакой на самым фронце. У гэтакiя ж днi, як гэты апошнi, чалавек выходзiў з роўнiцы ўсiх з'яў i адно сам сабе i ў сабе вырастаў як супрацьлегласць усяму, што толькi ёсць на свеце. Жывая iстота прагла жыць!

Санiтары з лiхтарыкам iшлi ў гэты бок паўз акопы. Яны падышлi зусiм блiзка, i яны ўжо былi салдату як ворагi якiя: яны яго вернуць у той жудасны свет, з якога ён нядаўна выйшаў. Не думаючы, салдат споўз у акоп, i санiтары прайшлi паўз яго далей. Чуваць былi iхнiя цiхiя галасы, пасля за iмi цiха i павольна прагрукалi колы, фыркнулi конi, i зноў усё стала цiха.



3 из 25