Раз уначы ён паспрабаваў уцячы. Ён цiха вывеў з аглабель каня, як усе паснулi, правёў яго крыху, а пасля паехаў конна на iм. Яго заўважылi, вярнулi i збiлi да паўсмерцi. Так бiлi, што ён паспрабаваў, сцяўшы зубы, баранiцца: ён пхнуў кулаком у грудзi вайсковага начальнiка. Пасля гэтага ён сам ужо далей ехаць не мог. Каня i фурманку пагналi без яго, а ён праляжаў дзён тры ў кустах ля дарогi, а пасля пачаў блытацца па ўсёй мясцовасцi, не могучы прабiцца праз фронт туды, дзе была яго хата i дзе ўжо стаялi бальшавiкi... Дабiўся ён дадому праз немалы час, калi ўжо зноў легiянеры занялi тую мясцовасць. Там ён знайшоў жонку зусiм хворую - збiтая тады вайсковым начальнiкам, яна нарадзiла нежывое дзiця i сама з таго часу ледзьве хадзiла. На трэцi дзень пасля таго, як Пятро Тадаровiч з'явiўся дадому, хату яго абкружылi вайскоўцы. Хату гэту вiнавацiлi ў тым, што ў ёй мелi прытулак партызаны: хата стаяла за маёнткам, ля лесу, з яе стралялi па маёнтку тады, калi з яго выязджаў на вёску карны атрад польскай армii.

- Мяне тады нават дома не было, - пачаў прасiцца Пятро Тадаровiч.

- Значыцца, ты сам недзе з iмi быў!

Чалавека забралi i пагналi немаведама куды.

VI

У тысяча дзевяцьсот трыццаць другiм годзе зiмой даволi-такi стараваты, але яшчэ моцны з выгляду чалавек хадзiў па панскiх дварах, апытваючы, цi не можна дзе астацца за парабка. Мясцовасць была - паўднёвая частка Заходняй Беларусi. Чалавек хадзiў доўга, нарэшце яму пашэнцiла: за парабка яму неяк усё ж удалося астацца. Ён закватараваў у агульнай парабчанскай афiцыне сям'i ў яго не было.

- Дзе ж твая сям'я, чалавеча? - запыталi ў яго парабкi.

- Ат, - адказаў чалавек, - няма сям'i. За войны ўсё пагiнула. Я ад вайны ўцякаў, па Расеi бадзяўся...

Парабак быў гэтакi самы, як i ўсе. Гэтаксама рабiў, гэтаксама бедаваў, што, можа, давядзецца астацца без работы, бо збяднелыя людзi прагнуць абы-дзе астацца на службу, абы не памерцi з голаду, а работы нiдзе няма. Дык парабкам зменшваюць i так малы заработак. У каго сям'я, дык хоць кладзiся ды канай.



22 из 25