Пятро Тадаровiч вельмi шпарка выкапаў сабе зямлянку на той сваёй зямлi. I як толькi начаваў у ёй першую ноч, адчуў, што гады прайшлi, сям'я загiнула, вялiкая самота пануе над iм, што ўсё адно не ўцёк ён нi ад вайны, нi ад усiх iншых няшчасцяў; гэтыя няшчасцi якраз у той самай меры навiсалi над iм, як i над усёю рэштаю людзей на свеце. Як быццам бы ўжо нейк i нецiкава яму стала займацца гэтымi пяцьма дзесяцiнамi зямлi. Нашто яму ўсё гэта? Але ён не мог сядзець рукi склаўшы, ды i трэба было жыць. I ён варушыўся на сваiх пяцi дзесяцiнах. Ён пусцiў у ход з кiшэнi дарагi метал сваю кроў i мазалi, i паставiў нейкую хацiну; у першы год пасеяў палавiну поля, набыў нейкага канючка. Ён чапляўся за зямлю, за традыцыi працавiтага простага чалавека, за жыццё. Ужо да таго моманту, калi вайна была на пераломе, у самыя гарачыя яе часы, ён ужо меў сабе другую жонку - добрую, працавiтую жанчыну. Усё пайшло лацвей; вырастала перспектыва новай сям'i. Чалавек ажыў, забыўся на свае ранейшыя сумныя трывогi. I зноў ён стараўся не думаць пра вайну. Няхай сабе ваююць! На ўсялякi выпадак ён яшчэ хаваў белы бiлет з ранейшай вайны. Але аднойчы ён зноў пачуў гарматны гул. А праз некалькi дзён выехала з маёнтка панская сям'я. I толькi. Больш нiхто не выязджаў, хiба адно панскiя, не простыя, слугi. Пятро Тадаровiч усё яшчэ думаў, што вайна неяк пройдзе паўз яго. Але аднойчы зранку легiянеры выгналi яго ў абоз. Ён пачаў быў адмаўляцца, але нейкi старшы над гэтымi салдатамi (чына Пятро Тадаровiч не ведаў) сцебануў яго нагайкаю цераз плечы. Цяжарная жонка яго кiнулася ратаваць мужа, але яе той самы начальнiк збiў гэтак, што яна ледзьве дапаўзла да пасцелi. Так ён i пакiнуў яе зусiм хворую, без догляду. Ён павёз нейкае вайсковае дабро. Яго мучыла думка пра хворую жонку, пра яе цяжарнасць, пра яе адзiноцтва - мучыла тое, што зноў вайна не мiнула яго; чапае няшчасце ўсiх людзей, чапае i яго.



21 из 25