Цi на гэтым баку яны будуць умiраць, цi на тым - што цяпер да ўсяго гэтага i да ўсiх гэтых людзей шчаслiваму чалавеку Пятру Тадаровiчу! У яго ёсць цiхi кут, з вайны ён вырабiўся, i больш нiчога. Нiкога ён чапаць не будзе, i яго нiхто цяпер ужо чапаць не будзе. Вайна - бядота, няхай сабе бядота агульная, але ж яму пашанцавала з яе выйсцi. Галоднае жыццё дома? Цяпер ён будзе лепш жыць, палкоўнiк жа яго аддзякуе за тое, што ён выратаваў яго. Назаўсёды, значыцца, Пятро Тадаровiч выйшаў з шэрагаў шэрых людзей на вайне, нават i так ён як бы выйшаў з усялякiх людскiх шэрагаў. Ён сам будзе сабе пан.

Якi ён шчаслiвы цяпер!

Быў пагодлiвы адвячорак, калi Пятро Тадаровiч з'явiўся дадому. Накульгваючы яшчэ крыху на хворую нагу, ён падышоў да дома, увесь трасучыся ад вялiкай узбуджанасцi. Ён сапраўды чуў нават, як пахне трухлявы плацец каля хаты пад чырвонаю рабiнаю. Сонца свяцiла ў сляпыя шыбы роднай хацiны. Пад паветкаю насупраць хатнiх акон ляжаў лом. Мала яго было, але ён быў складзены руплiваю рукою. Пасярод двара нейкiя гнiлыя, разламаныя начоўкi ну проста-такi ўсцешылi сэрца гэтага чалавека.

- Тата прыйшоў! - закрычалi дзецi.

I хвiлiн пяць была радасная ўрачыстасць. Пасля адразу чалавек пайшоў аглядаць свае вуглы, усе закуткi ў двары. Сям'я не адставала ад яго нi на крок.

З таго ж самага дня чалавек пайшоў у работу. Ён зграбаў нейкую салому на таку, скасiў нейкi ўзмежак на агародзе, малацiў нейкi мiзэрны ўраджай так пудоў дзесяць жыта на год намалацiў! А пасля падаўся да палкоўнiцкага маёнтка. Гэта было нават i не лiшне далёка. Там ён цёрся, зняўшы шапку, на кухнi. Яго пачаставалi астачаю ад абеду панскiх слуг. Нарэшце яго павялi да палкоўнiка. Той ляжаў на верандзе, а каля яго доктар пераглядаў газеты. Доктар, мусiць, ужо ведаў гэтую гiсторыю, бо далiкатна падаўся ў сад.

- Ах, гэта ты, - сказаў палкоўнiк.

- Як ваша здароўе, ваша...

"Дзяншчык" цвёрда i выразна выгаварыў палкоўнiцкi чын.



7 из 25