Ногi яго ўязджалi ў зямлю. Чорныя нерухомыя абрысы ночы сталi навокал. Далёка маўчаў фронт. Зоры ўсё гэтаксама свяцiлi на халодным небе.

II

Салдат Пятро Тадаровiч атрымаў белы бiлет. Ён калацiўся з радасцi, адчуваючы ў сваёй кiшэнi гэтую паперку. Гэта ўсё адбылося вельмi шпарка, як нават ён i сам не думаў. Палкоўнiк з дапамогаю гэтага свайго "дзеншчыка" праз вельмi малы час быў ужо ў шпiталi ў прыфрантавым гарадку. Да палкоўнiка адразу прыехала радня: родная сястра, жонка, нейкi яшчэ малады чалавек. Паны! Яны прыехалi з маёнтка. Гэты палкоўнiцкi маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволi яшчэ далёка. Можна сказаць, што гэта была тая самая паласа, калi браць раўналежна фронту, дзе была радзiма i салдата Пятра Тадаровiча. Палкоўнiк адно падпiсаў кароткi лiст, што быў напiсаны маладым чалавекам да нейкага знаёмага начальнiка мабiлiзацыйнымi нейкiмi камiсiямi. Самога лiста Пятро Тадаровiч не чытаў, але ведаў, што там наконт белага бiлета. Ён хадзiў з гэтым лiстом, да каго ён быў напiсаны, i праз некалькi дзён меў цудоўную паперку. Ён цяпер назаўсёды развiтваўся з вайною! Больш таго. Палкоўнiк адно малы час будзе ляжаць у шпiталi, пакуль можна стане яго перавезцi. Хiба пан будзе лячыцца ў шпiталi, калi ў яго маёнтак, пакоi, слугi, грошы, усяго цераз горла валiцца? Тыдняў так праз два палкоўнiк будзе дома, тады Пятро Тадаровiч з'явiцца да яго па дакляраваную аддзяку.

I ён з'явiўся. Ён атрымаў тое, што дакляраваў палкоўнiк. Але перад гэтым - гэтакiя хвiлiны цiхай радасцi, нiколi за ўсё жыццё незнаёмыя яму, перажыў гэты небарака салдат.

Гэта было тады, калi ён дабiўся дадому. Рана яго дазволiла яму пусцiцца ў дарогу адразу ж. Ён ехаў, iшоў. Усё яму было цяпер лёгкая справа. Вайна цяпер ужо справа не яго! Няхай там хто сабе хоча i за што хоча (цi за што, цi за нiчога!) ваюе. Няхай там сабе свецяць зоры ўначы над халодным i страшным полем, а на тым полi пад агнiстым громам i свiстам канаюць i стогнуць людзi.



6 из 25