
На трэцi дзень увечары (пазнавата ўжо было) Пятро Тадаровiч вярнуўся дадому. Цэлы дзень ён ехаў з адным салдацкiм абозам. Трохi дзiўна яму было, што салдацкi абоз раптам у гэтай мясцовасцi з'явiўся, але i ў лiшнюю гаворку з салдатамi не ўдаваўся. Кiламетраў за шэсць ад дому яму трэба было злезцi з фурманкi. Ён пайшоў пешшу. Цяпер гэта ўжо быў зусiм iншы чалавек, як тады, яшчэ нядаўна, калi блытаўся ён пад халоднымi зорамi на пустым полi, ля чорных акопаў. Цяпер ужо на заднi план адышоў ён сам сабе, а клопаты пра зямлю, пра гаспадарку нёс ён у сабе. Гэтакi ён быў усю дарогу. Але як злез ён з фурманкi i прайшоў крыху пад дом полем, адбылося штосьцi гэтакае, што нагадала яму ўвесь час, калi ён толькi дбаў, як бы ўратаваць на плячах галаву. У першую хвiлiну ён не паверыў, толькi стаў i прыслухаўся. У наступную хвiлiну валасы на галаве яго заварушылiся.
Вечар даўно ўжо агарнуў зямлю. Было цiха. Гэтак было цiха, што чуваць было, як з палявых дзiчак, дзе-небудзь паўз дарогу, падала лiсце на зямлю. Узышоў восенны месяц. Ад гэтага спакойнага святла яшчэ цiшэй здавалася на зямлi. Дзесьцi далёка брахаў сабака, пiснула палявая мыш. I раптам... Але спачатку чалавек не паверыў. Не можа быць! Вайна асталася далёка, чалавек на векi вечныя выратаваўся ад яе. Няхай там хто сабе хоча ваюе, каго сабе хочуць гоняць на смерць - што цяпер яму, Пятру Тадаровiчу! Яму пашанцавала, i ён адгарадзiўся ад усяго свету! Але ўжо ў наступную хвiлiну ён хапiўся за галаву: сапраўды ён выразна чуў артылерыйскую кананаду. Гукi гэтыя ён добра ведае! Цяпер яму ясна стала, чаму ў гэтай мясцовасцi з'явiўся вайсковы абоз.
