
Выпрацавалiся спосабы вырабу, формы варштатаў, дасэнi i памеры сурвэт. Сурвэты ткалiся шырокiя, на ўсю шырыню вялiкага стала. Варштат меў дванаццаць панажоў (цi, як там казалi, "падножак") i дванаццаць нiтоў. Кожны нiт складаецца з дзвюх самастойных палавiн - нiтоў. Дасэнi рэзка дзялiлiся на два самастойныя гатункi - "просты" i "павучковы". Кожны з гэтых дасэняў меў дваццаць чатыры "паддасэнi". "Просты" дасэнь меў у сваёй аснове народны арнамент, складзены з квадратаў. "Павучковы" дасэнь з'явiўся на аснове народнага арнамента не квадратовага, а з крывых лiнiй. Гэта ўжо былi формы кветак, лiсткоў, цэлых раслiн. Першапачатковай жа асновай гэтых дасэняў быў рысунак круглай кветкi, ад якое разыходзiлiся карэннi навокал. Гэта нагадвала форму павука з растапыранымi лапамi. Адсюль i назва - "павучковы" дасэнь. За адзiн пастаў на варштаце выраблялася звыш сарака сурвэт. На просты дасэнь i на павучковы нiткi ўкiдалiся ў нiты па спецыяльных рысунках, у якiх мог разабрацца i якiя рабiў самы спрактыкаваны майстар. Бёрды выраблялiся з чароту. У сувязi з гэтым на Случчыне аж да самай рэвалюцыi, калi ткачы атрымалi надзелы зямлi, былi берднiкi, варштатнiкi i майстры вязаць нiты. На Случчыне сеялася многа льну. Сурвэты ткалiся з шэрых суравых нiтак. Або аснова клалася шэрая, а ўток з беленых нiтак або з белай крамнай бавоўны. Але, паводле спецыяльных жаданняў заказчыка, сурвэты рабiлiся любых колераў i рознакаляровыя. Варштат быў даволi складаны i часткова механiзаваны. Ён складаўся з мноства дробных дэталей, драўляных i жалезных. Кожная дэталь мела сваю назву - шаўграт, шпаруты, чапёлкi, пругi... Былi шлiхтавальныя шчоткi: мачулкi, якiмi змочвалася пража, i шлiхты, якiмi пража нацiралася.
За дзесяцiгоддзi на Случчыне i далёка за ёю назапасiлася ў людзей вельмi многа сурвэт. Былi нават такiя, што збiралi калекцыi iх. У час незадоўга да iмперыялiстычнай вайны арандатар маёнтка Дошнава (цяпер Чырвонаслабодскага раёна) чэх Валек павёз да сябе на радзiму ў Чэхiю вялiкую калекцыю слуцкiх сурвэтаў.