- Народу-то, напэўна, не будзе!

На гэты раз ён нават не дадаў "але" i ўжо спадзяваўся, што канец будзе такi, якога ён i жадае... Але бацюшка раптам схамянуўся, абярнуўся да яго i сказаў голасам, у якiм чувалася нейкая сумная рашучасць:

- Во што, Сiдар: цэрква - гэта не тэатр, i мы не павiнны спыняцца перад тым, што не будзе народу. Богу ўсё роўна - цi поўная цэрква цi не.

- Ды гэта так, вядома... Дык, значыць, пазванiць?..

- Званi, званi, Сiдар!

- Пайду пазваню...

Ён спакваля павярнуўся i пасунуўся к дзвярам, але ля самых дзвярэй спынiўся i, сам не ведаючы навошта, спытаўся:

- I ютраня будзе?

- Ну, дык як жа... Што ты гэта, Сiдар, пытаеш?

Сiдару трохi сорамна стала, што не ў лад спытаўся, i ён шыбчэй выйшаў за дзверы.

Праз колькi часу сiпла закашляў звон i абудзiў ваколiчныя палi. Людзi не пачулi гэтага звону, бо царква з папоўскай i дзякоўскай сялiбамi стаяла наводшыбе, i да блiжэйшае вёскi было вярсты дзве, але папоўскiя куры, якiя вандравалi вакол царквы, знецiкi распалохалiся, i iх павадыр, чырвоны блiскучы певень, загвалтаваў, перамагаючы звон:

- Куд-кудак-так-так-так-так!..

* * *

Назаўтра бацюшка дужа здзiвiўся: чаму гэта так рана зазванiў Сiдар? Ён не ведаў, што ў таго быў пэўны рахунак: калi поп паслухае i раней прыпрэцца, то можна будзе раней да свата пайсцi, а калi не - усё роўна страта невялiкая... У адзiн звон ён можа хоць цэлы дзень званiць: гэта ж не тое, што ва ўсе. Нават весялей... Стаў гэта ля акна, вяроўку зачапiў за нагу дый дзiвуйся наўкола. Можна нават i пiпку засмалiць. А нага ўжо па звычаю сама торгае.

Бацюшка пiльна сабраўся, апрануў гэткую старэнькую, як i сам, расу з шырачэннымi рукавамi i пайшоў у царкву. Раннi халадок прыемна асвяжыў яго, а сiплы голас звону напамянуў аб чымсьцi старым, нязменным i цягучым, як бесканцовая нiтка.

Раптам звон чагось спынiўся, але праз хвiлiнку з падвойнаю сiлай загвалтаваў сiпла-паспешна, быццам хто яго душыў.



2 из 7