
- Гвалт-гвалт-гвалт-гвалт!..
I да яго далучылiся хорам другiя - тонкiя i прарэзлiвыя:
- Ай-яй-яй-яй-яй!..
Бацюшка перахрысцiўся. Ужо, дзякуй Богу, трыццаць год, як яго спатыкае гэты ўрачысты трызвон.
Але сягоння трызвон быў асаблiва гучны i злосны, бо Сiдар бiў як мага, радуючыся, што яго план - выманiць раней папа - спраўдзiўся.
Царква была пустой. З халоднага змроку маркотна выглядалi нерухомыя твары святых. Было цiха, як у магiле, i толькi на клiрасе таемна шапацелi пад дзякавымi пальцамi лiсты кнiг. Бацюшка па трыццацiгадоваму звычаю спынiўся ў парозе, адбiў тры шчырых паклоны i тады толькi пайшоў уперад. Крокi гулкiмi водгукамi кацiлiся па царкве.
Бацюшка ўвайшоў у алтар. Вакол стаялi i ляжалi розныя "святыя" рэчы. За доўгi час службы бацюшка так прывык да iх, што яны здавалiся яму блiзкiмi, роднымi.
Прыйшоў Сiдар i пачаў дзьмухаць у жар. Рабiў гэта ён так шчыра, што па ўсёй царкве панёсся моцны сап, i царква на момант стала падобна на кузню.
Бацюшка апрануў абшарпаную, страцiўшую ад доўгага ўжывання свой сапраўдны колер, рызу. Дзяк на клiрасе паважна й працяжлiва адкашляўся.
Сiдар ужо насыпаў жару ў кадзiла i, спяшаючыся, нёс яго к папу, на хаду ўсё яшчэ дзьмухаючы ў яго так, што з яго бухалi iскры, як з паравiка. На сваiм напружаным твары ён выяўляў гэткую рупнасць i паспешнасць, быццам ад таго - цi падасць ён у пару папу кадзiла, цi не падасць - залежаў лёс усяго свету.
Поп зiрнуў на яго карузлыя ад працы рукi i ўспомнiў, што матушка ўчора казала, што трэба наладзiць драбiнку ў кароўнiку. Благаслаўляючы кадзiла, ён сказаў Сiдару:
- Я тут, Сiдар, кадзiла сам вазьму, як трэба будзе, а ты йдзi к матушцы, яна табе пакажа там - драбiнку наладзiць трэба.
Сiдару гэта ўпадабалася, бо яго дужа цягнула з гэтае пустое самотнае царквы на светлае вольнае паветра. I ён, забыўшыся аб тым, што знаходзiцца ў царкве, голасна загаманiў тонам спраўнага майстры:
