- Гэта праўда, бацюшка... Я таксама думаў... Яшчэ ўчора, як зазванiў Сiдар, дык я й думаю: навошта служыць заўтра? Усё роўна нiхто не прыйдзе. Самая работа, сенакос... А для Бога, дык, вядома, што яму за карысць з нашае службы! Во, будзе прастольны, кiрмаш, тады прыйдуць... I даход якi-колечы будзе... Пойдзем, бацюшка!

I ён з здаволеннем зацягнуў, iдучы па царкве:

- Госпадзi, памi-i-лу-у-уй.

I "луй" спусцiў так нiзка, што з ахвотай цягнуў яго, пакуль i не выйшаў з царквы.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

На гэты раз Сiдараў рахунак не ўдаўся. Ён размеркаваў так, каб ладзiць драбiну якраз да таго часу, калi ўжо трэба замыкаць царкву, аж выйшла iначай... Ён не зрабiў яшчэ й палавiны, як убачыў, што iдзе поп. Гэта яго надта здзiвiла, i ён, разявiўшы рот, праводзiў папа асалапелым поглядам, аж пакуль той не схаваўся ў дзвярах сваiх пакояў...



7 из 7