
Поп думкамi пераляцеў туды, назад, за iканастас i ўявiў сабе гэтую царкву; пераляцеў далей, за сцены царквы, i ўбачыў сялян, шчыра працуючых на пожнi.
"Для каго ж? Для каго? Навошта?.."
Дзяк кончыў. Сцiхла ў царкве... Поп знаў, што яму трэба пачынаць эктэнiю.
- Мiрам...
Сказаў i сам злякаўся свайго голасу. Неяк дзiка празычэў ён у пустым скляпеннi. Хацеў яшчэ гаварыць i не мог... Неяк саромеўся свайго голасу. Здаваўся ён яму чужым, староннiм. I смешным, недарэчным здалося папу гаварыць нейкiя незразумелыя, нiкому непатрэбныя словы.
А дзяк, каб дарма не трацiць часу, не чакаў канца i зацягнуў сваё спрадвечнае:
- Госпадзi, памiлуй!..
Прапяяў i, не чуючы чарговага "возгласу" бацюшкi, працягнуў яшчэ раз:
- П-а-а-мi-л-у-у-у-й...
I гэта канчатковае "уй" ён цягнуў доўга-доўга, бо ўсё чакаў, пакуль поп па звычаi не перапынiць яго.
А поп маўчаў... I дзяку прыйшлося кончыць. Пачакаў, кашлянуў раз-другi, а ўсё нячутна. Урэшце, зацiкавiўшыся, ён прасунуў галаву ў алтар. У алтары папа не было. Тады дзяк зазiрнуў у бакоўку, дзе звычайна вiсiць кадзiла, стаiць у гарнушку жар i ў шафе вiсiць царкоўнае "аблачэнне".
Поп сядзеў на зэдлiку, схiлiўшы галаву. Поплеч з iм роiлам ляжалi толькi што здзетыя рызы. Як убачыў дзяка, узняў галаву i зiрнуў нейкiм пустым, змораным i смутным поглядам...
- Не будзем служыць, Гаўрылавiч!..
- Што, захварэлi, бацюшка, а?..
- Не, Гаўрылавiч, не захварэў... Спакуса найшла... Д'ябал заўладаў мной... Слухай, Гаўрылавiч, скажы ты: нашто гэта ўсё?.. Каму гэта патрэбна?.. Для каго гэта?..
- Што для каго, бацюшка?..
Дзяк нiчога не разумеў i, вылупiўшы вочы, глядзеў на бацюшку.
- Ды вось, Гаўрылавiч, служым мы з табою... я чытаю, ты пяеш... ну, вось сягоння, напрыклад... А для каго гэта мы служым?.. Для Бога? Для людзей?.. Цi думаў ты калi аб гэтым, Гаўрылавiч?..
Дзяк урэшце зразумеў. Зразумеў, праўда, па-свойму...
