Цяпер толькi адсеялiся. Ну i нагальнасць была! Добра, што дажджы iдуць, годзiць на поле. Каб ты ведаў, якi лiст учора прыйшоў ад Маргарыты. Ты б за галаву хапiўся б, каб ведаў. Ты, мусiць, нiчога пра гэта не ведаеш, бо няўжо б ты маўчаў нам пра гэта гэтулькi часу. Але чаму яна сама дагэтуль - хоць бы слова. Гэта ж цэлы год ужо зараз. Яна пiша, што бачылася з табою, бо прыязджала ў твой горад у суд, браць разлуку. Ты ведаеш, як усё гэта было для нас - як абухом па галаве ўсiм. Я то яшчэ нiчога, а Маня i цяпер да спакою прыйсцi не можа. Яна ж Манi пiсала (толькi сёння Маня мне расказала), што зусiм страцiла здароўе, жывучы з iм. I цяпер усё адразу ён узяў ды вырашыў па-свойму - узяў дый кiнуў, няхай як сабе хоча, хоць зойдзецца дзе. Яна i сама пiша гэта самае, але гэтак, што трэба найбольш здагадвацца - як бы не смее яна гаварыць нам усяго выразна. Толькi нарэшце вырвалася ў яе слова: "Што ж, я калi пайшла замуж, дык закон гэтакi, што трачу я права на тую гаспадарку, адкуль пайшла. Дык я i не паеду да вас. Работы я нiдзе не знайшла, i цяжка мне яе знайсцi, дык няхай сабе будзе, як будзе". От што i як яна пiша. Яна, вiдаць, ужо i законамi нацiкавiлася, мусiць, прыйшлося ёй добра цяпер! Каб яна яшчэ адна, а то з дзiцем, дык яшчэ горш. Я сёння ёй напiсаў проста - закон, гавару, адно, а жыць на свеце жывым i родным людзям часамi можа быць i другое. Не чалавек iдзе да закону, а закон да чалавека. I калi дзе якi закон не прыйшоўся да чалавека або чалавек падышоў наперад, а закон астаўся, дык закон падагнаць трэба. Мы, гавару, родныя, i не канешне на законы прыглядацца. Бо ты як была дома, а мы былi малыя, дык была ты для нас як родная мацi. Няўжо ж мы павiнны забыцца на гэта. Няўжо ж мы пойдзем у суд, каб нас чужыя людзi мiрылi i дзялiлi? Прыязджай, напiсаў ёй, мы цябе спаткаем з радасцю, i ўсё будзе добра. Можа i добра, што развязалася з гэтакiм. Маня таксама i ад сябе прыпiсала, каб прыяжджала i нiчога лiшне не думала. Але Маня сваiм жаночым сэрцам угадала яшчэ адно. I мусiць, гэта праўда.


16 из 24