Яна мне гэта сказала: таму Маргарыта не хоча да нас ехаць, што рабiць цяпер не можа, здароўе страцiўшы. А ў нас жа гаспадарка. I не хоча яна быць "дармаедам" на чужым карку. Маня як толькi сказала мне гэта, дык адразу i заплакала. Тут ужо нiяк не напiшаш пра гэта Маргарыце, каб лiшнiм i грубым словам яе не скрыўдзiць як часамi, каб, яшчэ больш неасцярожна i не ў пору сказаўшы, не паддаць ёй яшчэ больш пакуты. Трэба толькi падумаць, што яна цяпер думае i як жыве. Адно каб яна прыехала, а калi не - дык я сам паеду i забяру яе. Ты, братка Вiця, напiшы ёй, няхай нiчога гэтакага не думае i адразу прыязджае. Будзе яна тут спакайнейшаю i можа паправiцца трохi. А то, мусiць жа, дапякло ёй усё гэтае, калi аж пра законы, небарака, пачала пiсаць... Сам я, мусiць, да цябе неўзабаве прыеду. Не надоўга. Тут у нас адна справа заварваецца, i мне давядзецца ехаць. Я ўвесь клопат узяў на сваю галаву, бо, сказаць праўду, каб не я, дык, бадай-што, нiчога i не было б. Гэта мы складаем камуну - сем хат згаварылiся. Дык цяпер трохi мне клопату будзе. Я табе напiшу гэтымi днямi, калi прыеду. А ты ж хаця пiшы. I яшчэ раз просiм мы цябе з Маняю - напiшы ты Маргарыце - няхай нiчога не думае i не псуе дарэшты свайго здароўя. Няхай прыязджае. Вiтай яе ад нас i бывай здаровенек. Якуб".

5. З стэнаграмы следчага допыту

...Цягнiк прыйшоў пад вечар. Я даўно чакаў на вакзале, каб сустрэць Якуба. Я стаяў каля дзвярэй i ўглядаўся ў людзей - якi ж цяпер той ранейшы сiнявокi Якуб, што (калi ўжо тое было!) гэтак няёмка развiтаўся быў са мною на станцыi? Я тады бачыў праз акно з вагона, як ён паправiў на возе мяшок з сенам i паехаў у сваю дарогу. Я ведаў, што ён спяшае, каб да вечара перапаўзцi трыццаць вёрст. Пакуль ад'ехаў, дык разоў тры азiрнуўся. А пасля цягнiк рушыў... Колькi ўжо год прайшло, як мы пакiнулi жыць разам!

Доўга прайшло часу, калi я заўважыў сярод людзей загарэлы, аж чорны, хлапечы твар i шэрую суконную жакетку. Цераз плячо ў Якуба вiсеў на палатняным рубцы малы клунак. Я схапiў яго за рукаў i выцягнуў з натоўпу.



17 из 24