
На вулiцах стаяў пыл, i сонца яшчэ пякло. Якуб грукаў ботамi па гарачым бруку. У першыя хвiлiны мы не знаходзiлi словаў, i гаварыць пачалi тады, калi прыйшлi на кватэру. Што перш за ўсё кiнулася мне ў вочы ў Якуба - гэта павольная сталасць у рухах нават тады, калi гэтай павольнасцi не было.
"Як у старога вясковага гаспадара, у якога ўкаранiлася мудрасць, што на зямлi вельмi спяшаць i трапятацца няможна. А можа гэта ён стамiўся з дарогi?" - падумаў я.
Запахла ў пакоi Якубавымi ботамi i ветравым пылам ад яго жакеткi.
Якуб гаварыў пра ўсе самыя дробныя хатнiя справы, пра знаёмых вясковых, смяяўся мякка i добра. I я адкiнуў на гэты час усе свае справы, каб застацца аж да заўтрага з братам. Усё больш i больш агортвала мяне тое роднае, што з малых дзён вызначылася назаўсёды мiж намi i ў нас. Гэта тая арганiчная блiзасць з Якубам, што з вялiкай сiлай загаварыла зноў цяпер пра сябе.
- Ты мне хiба паможаш што тут у маёй справе, бо я ж, сам ведаеш, нiдзе нiколi не быў, - сказаў мне Якуб.
Ён расказаў, як Маргарыта iшла замуж (трэба ж было, як на тую бяду, паехаць ёй тады да Манi i якраз спаткацца з iм!), як лепш яны там усе жывуць цяпер дома. Якуб гаварыў з развагамi, спакойна i стала. Белыя, ад сонца аж жоўтыя, валасы тонкiмi пасмамi клалiся ў яго на вушы, тыя ж самыя сiнiя вочы глядзелi шырока, толькi глыбей увайшлi нейк позiркам сваiм. I яшчэ прабiвалася наверх з усiх рысаў твару адзнака ўпартасцi.
- Дык як Маня маецца? - запытаўся.
- Жыве сабе... Мне цяпер абы тут усё добра зрабiць, а там - не я ж адзiн... Зусiм прыйдзецца некалi на весну вулiцу зносiць, i рэшта вёскi падзелiцца на два калектывы.
Я тады ахоплен быў новым пачуццём, глыбокiм, радасным. Мы сядзелi з Якубам у першы вечар доўга, i яго абветраны твар быў для мяне вельмi любым. Тут было ўсё ад пачатку i да канца - i тое мiнулае, з чаго вырасла наша блiзасць, i цяперашняе. Мы разумелi адзiн аднаго з паўслова.
