- Гэта справа мая i яе. Толькi!

- Але я ж брат яе.

- Вы, грамадзянiн Лукашэвiч, маеце на мяне злосць за вашу асабовую справу i прыплятаеце сюды справу другую, якая сюды не належыць.

- Належыць!

- Не.

- Належыць! Усё належыць! Я ўсё разам збяру.

- Ну i што тады будзе?

- Нешта будзе.

- Што ж, грамадзянiн Лукашэвiч, збiрайце, збiрайце ўсё разам. Мусiць, дапякла вам праўда, калi гэтакiм гарачым зрабiлiся. Збiрайце, збiрайце... Братняя блiзасць! Зачапi толькi мешчанiна за душу, за пачуццi, будзе тады крыўды... Мешчанiна, мешчанчука, вас!

- Мяне гэта?

- Вас. Вы ж мешчанiн, самы сапраўдны! Безумоўна, пачалося з таго, што вы заелiся на мяне за сваю ўласную справу, за тое, што я апублiкаваў вашы контррэвалюцыйныя паводзiны. I тады вы пачынаеце прыплятаць сюды зусiм iншую справу, безумоўна не належачую сюды, чужую тут, непатрэбную, пабочную! I стараецеся выйграць на гэтай справе. Чаму ж вы пра сваю справу са мною не гаворыце, чаму ж аб ёй маўчыце, а ўсё пра маю асабовую, у чужое жыццё залазiце?! Я не жадаю аб гэтым больш з вамi гаварыць. Гэта ўсё iнтэлiгенцкая псiхалагiчнасць, мяшчанская сямейсцвеннасць, браты, сёстры! Як вы, грамадзянiн Лукашэвiч, не можаце зразумець (бачыце, я халадней пачынаю гаварыць), што старая сям'я пашатнулася. Безумоўна i назаўсягда! Гэта ясна, i вам гэта павiнна быць даўно вядома. Надыходзячыя будучыя часы ад нас ужо цяпер патрабуюць дзейнасцi.

- Якое?!

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Ён доўга гаварыў мне пра нейкую дзейнасць, а я маўчаў. Я не мог гаварыць тады з iм. I пайшоў, не даслухаўшы яго да канца. Ён стаяў перада мною пануры. Ад гаворкi тоўстыя губы яго трэслiся, ад узбуджанасцi чырванелi вочы i твар мяняў колеры. Твар яго быў апушчаны ўнiз. Я пайшоў i пачуў праз зачыненыя дзверы, як ён змоўк i пачаў цяжкiмi крокамi сваiмi хадзiць. Я нiякай драбязы цяпер не заўважаю, але адна не вылазiць з маёй галавы - гэта як ён ступае.



20 из 24