Моцна стукае пятамi i раскiдае ногi. А сам ён ад прыроды сваёй пануры i не любiць гаварыць. Толькi, як ён кажа, грамадскiя абавязкi навучылi яго гаварыць, крыклiва i суха. Дома ён заўсёды маўчыць. Любiць сядзець на скверы i маўчаць. Калi iдзе, напрыклад, з грамадскага прагляду якога-небудзь кiнафiльма цi новай п'есы - нiколi не выкажа сваёй думкi, а ўсё гудзе: гугу - не разабраць, цi гэта ён згаджаецца з табою, цi не.

Гаворка гэтая мая была з iм пазаўчора. Сягоння я зусiм спакойна ўспамiнаю яе. Таксама сёння сказалi мне, што праз тры днi будуць мяне "чысцiць" - будзе браць мяне на допыт камiсiя, якая чысцiць наш савецкi апарат.

У мяне з'яўляецца адна думка - падаць у гэтую камiсiю свае запiскi i лiсты. Усiх у камiсii я ведаю, можна iм даць чалавецкую споведзь. Толькi адзiн - Курцiцкi, але ён там адзiн, i не пасмее ён пасля здзекавацца з маёй споведзi. Трохi не гэтак кажу - ён то пасмее, але не павiнны iншыя дапусцiць да гэтага. Я думаю, што гэтыя мае запiскi ёсць найлепшы дакумент. Пiсаў жа я iх толькi для сябе.

Перш за ўсё будзе да мяне падыход як да нейкай "контры". Друкаванае слова!

7. Весткi з вёскi i ў вёску

"Братка Вiця! Я прыехала "дадому" (дзе мой цяпер дом?), i мяне спаткалi гэтак, што я вось ужо колькi дзён жыву тут, а не магу спакойна ўспомнiць гэтага спаткання. Слёзы радасцi i замiлавання ў мяне на вачах, калi думаю пра гэта. Вельмi Якуб пра мяне клапоцiцца. З Маняю дык мы, вядома, сёстры, жанчыны, мы як адна душа. Яны нiчога не даюць мне рабiць, кажуць, каб я адпачыла i папраўлялася. А я i так добра сябе пачуваю, вельмi добра. Здароўе маё гэта раней было дрэнна, а цяпер, за апошнi час, на паправу пайшло. Так што дарэмна яны мне забараняюць рабiць. Ты iм напiшы, каб яны не рабiлi гэтага, я магу i хачу рабiць разам з iмi ўсялякую цяжкую работу. Ды я i не хачу, могучы сама рабiць, глядзець, як нехта робiць, а самой быць за паню нейкую.



21 из 24