
На ўзьбярэжжы будуць стаяць пад пальмамi плеценыя столiкi з гумовай садавiнаю й парожнiмi пляшкамi з-пад трункаў, якiя п'юць у сваiх краiнах замежныя грамадзяне. За дзесяць рублёў ты зможаш пасядзець за тым столiкам i атрымаць каляровую фотку, але ты лепей вып'еш за гэтыя грошы дзьве шклянкi херасу ў татарскай кавярнi ("Ў чарцы цёмнай i глыбокай, плешча, пенiцца вiно...") i пасунесься далей - паўз фатографа з плюшавым Мiхаiлам Сяргеевiчам, паўз фатографа з малпаю, якая з зусiм чалавечаю радасьцю задарма паказвае кожнаму мiнаку вогненна-чырвоны зад, паўз фатографа з трохмэтровым смарагдавым пiтонам, якi нечым няўлоўным нагадвае галоўнага камiсара TV таварыша Краўчанку, паўз карункавы ад пены прыбой, што выносiць на бераг дарункi мора ў выглядзе шкарпэтак i скарыстанага прэзэрватыва ("Ў iх русалкi заблуталi косы, - рвуць i блутаюць срэбныя нiцi..."), паўз мастакоў, што малююць партрэты з натуры, паўз мастачку, якой ты б з прыемнасьцю папазiраваў, але толькi ня тут, паўз гiтарыстаў, скрыпачоў i джазiстаў, гледзячы на якiх узгадваеш раньняга Алега Гаўрылавiча Мiнкiна:
Бродячий музыкант, он дело знает:
Футляр раскрыл, и - шляпу на цемент,
И на глазах у всех опять терзает
Неповоротливо печальный инструмент...
Потым будзеш лезьцi да сябе на гару, а, падняўшыся ў нумар, выйдзеш на гаўбец i незнарок угледзiш, як на гаўбцы пад табою перакладчык Ашот расшпiльвае станiк на бялявай студэнтачцы Зiне, якую цэлы дзень пасьвiла ды так i не ўпасла дагледжаная маскоўская маман.
Назаўтра будзе задушлiвы скварны дзень ("Ад сьпёкi пышуць дахi i асфальт...") з экскурсiяй па чэхаўскiх мясьцiнах. Тут жыве Ратару, у яе сухоты. Тут выпiваў Купрын, там - Бунiн. Тут Чэхаў пажартаваў - убачыў у асьветленым начным вакне жаночы профiль i гучна кажа спадарожнiку: "А вы чулi? Учора Бунiна ў адной татаркi зарэзалi".
