
Лiвадзiйскiя могiлкi зусiм блiзка, аднак ты ўсё адно ўпарта павернеш у iншы бок i выйдзеш на ўзьбярэжжа - да тых самых фатографаў, да музыкаў, што могуць i "Соme together", i палянэз Агiнскага, да вогненназадай мартышкi, да пiтона, да варажбiтак i прадказальнiкаў, абстаўленых кампутарамi, якiя, апрача ўсяго iншага, выдадуць табе навукова абгрунтаваныя зьвесткi, што ты памёр 23 лютага 1988 году, да херасу, да афiцыянткi з кляснымi нагамi й распусным разрэзам вачэй, зь якой шмат хто хацеў бы спаткацца зусiм не на вулiцы, да плюшавага прэзыдэнта СССР, да ўсiх тых, з кiм разам ты ляцiш сёньня да зор... А ў чарцы цёмнай i глыбокай будзе зноў i зноў сьветлым хмелем калыхацца вiно i, ускараскаўшыся на гару, ты, палохаючы Ашота зь Зiнай i ўкормленых лiтфондаўскiх катоў, будзеш чытаць з начнога гаўбца:
Скарына, доктар лекарскiх навук,
У доўгай вопратцы на вежы сочыць зоры...
I набяжыць новы дзень, калi ты будзеш плаваць па цёплым, як калюжына, моры, i думаць, цi шмат было ў Максiма ў Ялце жанчын, i, чуючы абураны хор дбайцаў пра паэтавую цнатлiвасьць, будзеш раiць iм пачытаць Максiмаў дзёньнiк. Потым ты наведаеш Лiвадзiйскi палац, дзе адпачываў расейскi iмпэратар Аляксандар II, у якога кiнуў бомбу твой суайчыньнiк рэвалюцыянэр Iгнат Грынявiцкi, i зусiм па-клясаваму й па-пралетарску ў памяцi ў цябе застануцца не эксплёататарскiя iнтэр'еры, а букет ружаў у палацавай прыбiральнi.
А недзе на ўзьбярэжжы ў гэты час будзе кiмарыць на сонейку падобны да таварыша Краўчанкi пiтон, яшчэ ня ведаючы, што адвячоркам да ягонага гаспадара падыйдзе аматар экзатычных фотак - загарэлы мацак у адных шортах i з такой шыкоўнаю татуiроўкай, што здалёк яна будзе выдаваць на бэзавую кашулю. Усьцешаны фатограф абкруцiць свайго смарагдавага кампана вакол мацака й замiтусiцца каля апарату, а ты разам з натоўпам будзеш захоплена разглядаць татуiроўку, на якой у непрыстойнай блiзкасьцi зь Iльлiчом ды iншымi выдатнымi кiраўнiкамi Камунiстычнае партыi й Савецкай дзяржавы будуць выстаўляць свае вабноты прыгажунi з падпiсанымi ўнiзе ймёнамi.
