
Чамусьцi менавiта ў тую хвiлiну ты вырашыш: сёньня...
Валошак на ялцiнскiм рынку ня будзе, i ты купiш букет вялiкiх, пабiтых начным дажджом рамонкаў. Прыватнiк завязе цябе на гару колеру прывялага лаўровага лiста й высадзiць ля брамы старых Лiвадзiйскiх могiлак, а п'янаваты вартаўнiк растлумачыць, што трэба йсьцi па стрэлках, якiя паказваюць шлях да магiлы нейкага Бiрукова. На адным з паказальнiкаў пад словамi "К могиле Бирюкова" зусiм па-беларуску будзе цьвiком надрапана: "i М. Багдановiча", i ты ўдзячна падумаеш, што, можа, гэта зрабiў наш мiнiстар культуры, калi быў тут у траўнi са сваёй дэлегацыяй, адзначаючы ўгодкi Максiмавай сьмерцi...
На магiле ты ўбачыш стандартную цэмэнтаваную пiрамiдку зь пяцiканцоваю зоркай, якая, мусiбыць, значыць, што - каб не сухоты - Багдановiч атрымаў бы парцейную кулю ў патылiцу адзiн зь першых. Ты ўбачыш, што нейкi мастак замаскаваў зорку намаляванай зьверху валошкай, а таксама ўбачыш бел-чырвона-белую харугвачку, дзюбаты алюмiневы iмбрычак са збуцьвелымi кветкамi й яшчэ чатыры валошкi - капронавыя.
Казаць пра астатняе табе буцзе няёмка. Магчыма, ты прачытаеш сам сабе "Пагоню", магчыма, пагаворыш зь iм i нешта дакляруеш - яму й сабе...
