Больш блiзкае знаёмства зь Iгарам Бабковым у мяне адбылося праз год на "iслацкай" нарадзе маладых. Яна пачалася 5 сьнежня 1988 году. Я ўжо стала жыў у Наваполацку, меў кнiжку, сям'ю i нават сына (з чым мяне афiцыйна павiншаваў iнфармацыйны "тутэйшаўскi" бюлетэнь "Кантроль" (!)). На нараду прыехала шмат цiкавай лiт. моладзi. Сама па сабе сфармавалася групоўка, якая трымалася разам на абмеркаваньнях i ўвогуле паводзiла сябе радыкальна - у выказваньнях, дыскусiях, кулуарах. Гэтыя творцы мелi блiзкiя погляды на творчасьць i, пазьней, менавiта яны склалi ядро "элiтарнага" крыла маладой беларускай пазii (тэрмiн "элiтарная" выкарыстаны ўмоўна i хутчэй зьяўляецца антонiмам слову "масавая"). Iгар Бабкоў, Юрась Пацюпа, Галiна Дубянецкая, Тацяна Сапач. На нарадзе яны стварылi свой рукапiсны ворган - насьценную газэту "Масонская лажа". Нiякага перасьледу за гэта не было, але вывесiць газэту на шырокае азнаямленьне не дазволiлi. Напэўна, пасьля нарады i нарадзiлася ў мяне iдэя неяк фармалiзаваць знойдзенае паразуменьне маладых паэтаў. Я напiсаў манiхвэст паэтычнай суполкi "Вунiя" i разаслаў "дакумэнт" меркаваным яе сябрам, у тым лiку i Iгару Бабкову. Ён адказаў грунтоўным разглядам. Назваў атрыманы тэкст хутчэй статутам, бо калi пiсаць манiхвэст, дык "ён таксама мусiць быць творам мастацтва - паэзiяй або эсэ цi штосьцi iншае. Тады ён мае глыбiню i шматмернасьць. I галоўнае - у iм павiнны быць не намеры i абяцаньнi, а думкi i iдэi, якiя iстотным чынам паўплываюць на iснаваньне мастацтва сёньня". Iгар не адмаўляў iдэю стварэньня суполкi, але ўбачыў у яе назове iншыя далягляды. "Мне здаецца, сам назоў правакуе на iдэю ЎЗЬЯДНАНЬНЯ З ЭЎРОПАЙ - а што ёсьць вунiя! Штосьцi накшталт - "станем эўрапейцамi, застаўшыся беларусамi".



2 из 3