У той жа час на перадавой пад агнём варушылася ў полi жменька змораных, галодных васямнаццацi- i дваццацiгадовых хлапцоў. Яны наступалi. Ад iх здольнасьцi, патрыятызму i самаадданасьцi залежаў посьпех наступленьня i ў канчатковым вынiку - вайсковая кар'ера тых, хто атабарыўся ў тыле. Асаблiва ў далёкiм тыле. Генэралы i старэйшыя афiцэры, як гэта й прынята ў кожнай армii, усё ж кiравалi ня войскам, а зноў жа генэраламi i афiцэрамi, што стаялi ад iх на прыступку нiжэй - так было зручней ва ўсiх адносiнах. Найбольш сумленныя i разумныя гэта рабiлi так, што, неяк задавальняючы вышэйшае камандаваньне, iмкнулiся ня надта прыгнятаць падначаленых, падтрымлiваючы тым рэпутацыю справядлiвых начальнiкаў. Але гэткая манера была хутчэй выключэньнем з правiла, правiлам былi поўная пакорлiвасьць перад начальствам i бязьлiтасная жорсткасьць у адносiнах да падначаленых. Менавiта такiм чынам у вайну зрабiлi кар'еру тысячы. Ступень патрабавальнасьцi - вось тое галоўнае, што вызначала палкаводчую кар'еру самых выдатных ваеначальнiкаў сталiнскай школы. Памятаю выпадак, калi пасьля вайны судзiлi афiцэра, надта заслужанага, на ўсе грудзi ўзнагароджанага палкоўнiка, камандзiра гвардзейскага стралковага палка. Гэты палкоўнiк ваяваў з чужым прозьвiшчам, з дакумэнтамi сапраўднага камандзiра палка, у якога служыў ардынарцам i якi загiнуў. На судзе яму задалi пытаньне: "Чаму вы, ня маючы вайсковай адукацыi, будучы толькi сяржантам, адважылiся на такую афэру, падпарадкавалi сабе сотнi людзей? Як вы iмi камандавалi?" "Вельмi проста, адказваў былы сяржант. - Атрымаўшы зьверху загад, выклiкаю камандзiраў батальёнаў i так накручваю iм хвасты, што кiдаюцца выконваць, бы ўгарэлыя". Мабыць, някепска "накручваў хвасты", калi атрымаў за вайну ў дадатак да двух незаконна прысвоеных яшчэ чатыры па праву заслужаныя ордэны. Сапраўды, гэты выдатна засвоiў сталiнскую навуку перамагаць.



10 из 267