
Насамрэч, можа, крычалi, а можа, i не. Легенда пра той баявы клiч мае больш прапагандавае паходжаньне i перавандравала, вядома ж, са старонак вайсковага друку. У няспынных грымотах бою, сярод выбухаў i кулямётна-аўтаматнай стралянiны цяжка было ўчуць уласны голас, ня тое што нейчы недарэчны, мала адпаведны абставiнам, мiтынговы крык. Не чуваць было нават звыклага для славянскага вуха "ўра", якое сапраўды крычалi ў адпаведныя моманты бою. Пасьля якой-небудзь няўдачы, калi пачынаўся "разбор палётаў" ды пошукi вiнаватых, палiтработнiкi звычайна дапытвалiся ў падначаленых: чаму не было заклiкаў? Iм звычайна адказвалi: "Крычалi, далiбог! Хiба ня чулi?" Мабыць, ня чулi, таму што ззаду ня надта чуваць. I далёка ня ўсё вiдаць.
Камандзiрская iерархiя на фронце мела выразную субардынацыйную пабудову ад фронту ў тыл. Чым далей ад фронту, тым вышэйшыя чыны, у якiх, як вядома, тым болей розуму i ўлады. За пятнаццаць-дваццаць кiлямэтраў ад перадавой усе тылавыя населеныя пункты, ляскi, раўчукi былi забiтыя вайсковымi штабамi, аддзеламi i ўстановамi зь дзясяткамi i сотнямi старэйшых афiцэраў, якiя штосьцi рабiлi - пiсалi, званiлi, раiлiся, узгаднялi, што патрабавала вялiзнае колькасьцi транспарту, сродкаў сувязi.
