
Немалую шкоду афiцэрскаму саставу нанёс славуты загад Галоўнакамандуючага нумар 227, вядомы ў войску пад дэвiзам "Нi кроку назад". Улетку 1942 году, iмкнучыся пераканаць сябе ды ўласнае камандаваньне ў недапушчэньнi далейшага адступленьня на ўсход, Сталiн усю строгасьць выкананьня гэтага iмпэратыву пераклаў на франтавых камандзiраў сярэдняга й нiжэйшага зьвяна, якiя адступалi, хiба што страцiўшы магчымыя сродкi да абароны. Шмат хто зь iх паплацiўся за тое жыцьцём. Зь першых жа дзён аб'яўленьня загаду пачалося дзiкае паляваньне на тых, хто адступiў без загаду. Iмi аказалiся, напрыклад, нейкi камандзiр палка, якому спазьнiлiся перадаць загад абараняць пэўны рубеж; камандзiр батальёна, што не пасьпеў за кароткую летнюю ноч заняць прызначаныя яму пазыцыi, а ранiцай трапiў пад разгромны ўдар нямецкай авiяцыi; малодшы лейтэнант, якi камандаваў мiнамётнай ротай ды заблукаў у бязьлюдным стэпе. Трыбуналы тае пары працавалi з поўнай нагрузкай. Ад вышэйшых штабоў няспынна патрабавалi зьвестак аб колькасьцi расстраляных за суткi, за тыдзень i дэкаду, асобна па катэгорыях - старэйшых i малодшых афiцэраў, камунiстаў i беспартыйных, па сацпаходжаньнi i нацыянальным складзе. Такога роду паказчыкi зьяўлялiся, апроч iншага, i падставай для ўзнагароджаньня афiцэраў карных органаў, шмат якiя за гады вайны i былi шчодра ўзнагароджаныя. Цяпер тыя людзi - героi нароўнi зь iншымi, несумненнымi героямi, i мала хто здагадваецца, якiм чынам заслужаныя iхныя ўзнагароды. Асаблiва прыкрытыя распаўсюджанай цяпер мiфалягемай: прайшлi вайну "ад званка да званка". У "сьмершы" цi ў трыбунале можна было пасьпяхова прайсьцi не адну вайну...
Вайсковыя газэты тае пары, малыя i большыя, зьяўлялiся адно сродкам палiтычнай прапаганды, разьлiчанай на самага масавага i прымiтыўнага чытача. Штодзённыя зводкi Iнфармбюро - вось адзiны элемэнт iхнай iнфармацыйнасьцi, у якiх, аднак, старанна шыфравалася ўся геаграфiя баявых дзеяньняў, усе назовы часьцей i падразьдзяленьняў.
