Стандартныя баявыя прыклады для перайманьня, эпiзоды баёў на ўзроўнi роты-батальёна, прапагандавыя выступленьнi штатных палiтработнiкаў у духу выхаваньня "навукi нянавiсьцi", прыдуманыя "клятвы" байцоў, "не шкадуючы жыцьця, бiць азьвярэлага ворага". Шырока прапагандавалася ахвярная героiка абароны i хоць бы невялiчкiя посьпехi наступленьня. У выпадку няўдачы выкарыстоўваўся суцяшальны стэрэатып накшталт таго, што немцы плянавалi захапiць горад К. учора, але слаўныя абаронцы сарвалi каварныя пляны ворага, якому ўдалося заняць К. толькi сёньня. У выпадку ўдачы прыводзiлiся заўжды яўна завышаныя лiчбы стратаў працiўнiка i падрабязны пералiк трафэяў: вiнтовак, гармат, кулямётаў, аўтамашын, коней, фурманак... Нашыя страты ўтойвалiся. Фатаграфiяў забiтых з нашага боку газэты не друкавалi да канца вайны, вайсковым фотакарэспандэнтам здымаць целы забiтых савецкiх воiнаў катэгарычна забаранялася. Праца вайсковых карэспандэнтаў, як пiсаў яшчэ ў гады вайны сам вайсковы карэспандэнт Аляксандар Твардоўскi, вельмi нагадвала таго добрасардэчнага гультая, якi, назiраючы, як сякуць дровы, старанна "хакаў", наiўна думаючы, што тым памагае дрывасекам.

Наступалi, як заўжды, перамагаючы ня так уменьнем, як колькаснай перавагай, галоўным чынам у жывой сiле, справiцца зь якой не маглi ўжо i немцы. Нямецкi генэрал i ваенны гiсторык Цiпельскiрх пiсаў, што, калi суадносiны сiлаў на фронце склалi 1:10 на карысьць рускiх, стала зразумела, што вайна прайграная. I сапраўды, да сорак чацьвертага году на поўную магутнасьць запрацавала вайсковая прамысловасьць, на фронт няспынным патокам пайшлi ня толькi людзкiя папаўненьнi, але i ўзбраеньне, тэхнiка, боепрыпасы. Вельмi дапамагалi саюзьнiкi, асаблiва ЗША, iх славутыя пастаўкi па ленд-лiзу. Амаль увесь наш франтавы аўтатранспарт складаўся з амэрыканскiх аўтамабiляў "фордаў", "шэўрале", "студэбэкераў", "доджаў", "вiлiсаў". Нашмат горш было з прадуктамi харчаваньня, хлебам; нярэдка армii, i нават франты, харчавалiся ў лiтаральным сэнсе з падножнага корму.



15 из 267