
У гэты час салдацкiя рэчмяшкi прыкметна патаўсьцелi ў аб'ёме, таксама як i супрацьгазавыя сумкi, зь якiх даўно ўжо павыкiдвалi супрацьгазавыя маскi i клалi болей патрэбныя рэчы: бялiзну для жонкi, якiх пару падмётак, а то й кавалак скуры на боты, часам дзiцячы гарнiтурчык або адрэз крэпдэшыну на сукенку. У перапынку памiж баямi можна было бачыць, як салдаты, прысеўшы дзе-небудзь на беражку траншэi цi пад зялёнай агароджай, старанна зашываюць у матэрыю свае пасылкi, якiя потым старшына адвязе на палявую пошту. Генэралiтэт ды iншае начальства свае баявыя трафэi вывозiлi звычайна аўтамабiльным i чыгуначным транспартам i зьбiралi iх зусiм не з падмёткаў i дзiцячых куртачак. Трафэйныя каманды адбiралi для iх пушнiну, фарфор, музычныя iнструмэнты, мэблю. А то й прамысловае абсталяваньне. Часам узьнiкалi кароткiя канфлiкты, калi падначаленым не ўдавалася ўберагчы ад начальнiцкай увагi некаторыя iх каштоўнасьцi, што лёгка рабiлася чужой здабычай. Зрэшты, канфлiкт хутка ўлагоджваўся: пацярпелы бок, у сваю чаргу, кампэнсаваў страту за кошт уласных падначаленых.
У канцы вайны, хоць напружаньне баёў не слабела, а то й мацнела, паявiлася надзея выжыць. Ва ўсiх без выключэньня - ад салдата да камандуючага. Гiнуць працягвалi штодзень, а то й кожную гадзiну, але з новай магчымасьцю паявiлiся i новыя адносiны да вайны. Пачалiся малыя й вялiкiя, не заўжды прыстойныя хiтрыкi на полi бою, ва ўзаемаадносiнах з камандзiрамi. Сталi нярэдкiмi выпадкi, калi зусiм бездакорныя раней афiцэры пачалi выяўляць празьмерную засьцярожлiвасьць, а то й нерашучасьць, што блiзка межавала са злачынствам. Часам гэта кепска канчалася, часам абыходзiлася. Нарэшце, было разуменьне, што вайна ўсё сьпiша. I сьпiсвала. Усё ж начальнiцкая жорсткасьць, уласьцiвая першапачатковаму пэрыяду вайны, зьмянiлася на пэўную памяркоўнасьць, афiцэры ўжо болей-меней прыцёрлiся ва ўзаемаадносiнах. Як i заўжды ў войску, самай каштоўнай якасьцю стала паслухмянасьць, гатоўнасьць выканаць усё, што загадана, як гэта i патрабавалася ў кожнай вайсковай цi таталiтарнай сыстэме.