
Як пачалiся наступальныя апэрацыi Чырвонай Армii, дык у войску паявiлася ўсё большая цяга да баявых трафэяў. Прызвычаеныя да ўмоваў франтавога аскетызму, мы ўбачылi, што нямецкаму войску ўласьцiвыя некалькi iншыя бытавыя стандарты, i што ў пакiнутых iмi акопах (таксама як i ў палонных) можна чым-колечы пажывiцца. Перш за ўсё тым, што патрэбна салдату на кожны дзень. Нарасхват iшлi добрыя салдацкiя боты (замест нашых чаравiкаў з абмоткамi), цьвярдыя дзягi са спражкамi, зь якiх звычайна выпiлоўвалi ненавiсную свастыку, скураныя сумкi, коўдры, камуфляжныя плашч-накiдкi. Як заўжды, папулярнымi былi гадзiньнiкi, электралiхтарыкi, запальнiчкi i розная папяровая драбяза - паперы ж нi для лiстоў, нi для цыгарак на фронце не давалi. Апроч таго, здаралася, што захоплiвалi харчовыя склады з рознай правiзiяй: шакалядам, кансэрвамi, каньяком. Сувязiсты старалiся ў наступленьнi разжыцца найперш трафэйнымi тэлефоннымi апаратамi i дротам у каляровай плястыкавай абалонцы.
Карысьлiвая зацiкаўленасьць у трафэях дасягала апагею, як вайна перакацiлася ў Эўропу, на тэрыторыю Нямеччыны. Тут пайшло па сутнасьцi легальнае рабаўнiцтва на ўсiх узроўнях, прытым, зразумела, найбольшая здабыча даставалася тылавiкам ды начальству, якое карысталася транспартам. У часьцях былi створаныя i актыўна працавалi трафэйныя каманды. Салдатам i афiцэрам дазвалялася пасылаць пасылкi на абрабаваную радзiму, i начальства звычайна заплюшчвала вочы на тое, што рэчы для iх здабывалiся зусiм не на полi бою.
