
Каму не вядома, што жыцьцё пехацiнца на фронце самае кароткае, звычайна ў пяхоце не затрымлiвалiся. Тыдзень у наступленьнi, месяц у абароне - такi быў максымальны тэрмiн для салдата стралковага батальёна, за якiм наставаў "земаддзел" або "здраўаддзел", - як невясёла жартавалi пехацiнцы. I калi былi iншыя роды войска, якiм таксама даставалася на вайне (танкавыя, сапёрныя войскi, зьнiшчальная ды штурмавая авiяцыя), дык iхная дзейнасьць хоць бы варта ацэньвалася. Галоўнай, калi не адзiнай такой ацэнкай з боку дзяржавы было ўзнагароджаньне. Iерархiя ўзнагародаў, як i сама працэдура ўзнагароджаньня, былi ня так вызначаныя заканадаўча, як складалiся паводле пэўнай самачыннай традыцыi. Нiхто з падначаленых ня мог быць узнагароджаны раней за свайго камандзiра, нiводны начальнiк не iмкнуўся ўзнагародзiць падначаленага, калi ня быў узнагароджаны сам. Ордэны звычайна разьмяркоўвалiся зусiм не паводле заслуг, як пра тое прынята меркаваць, а ў залежнасьцi ад пасады. Ордэн Чырвонай Зоркi давалi камандзiру ўзвода, Айчыннай вайны другой ступенi камандзiру роты, першую ступень атрымлiваў камандзiр батальёна, якi пад канец вайны заслужыў таксама ордэн Чырвонага Сьцяга, самую, дарэчы, шаноўную з ваенных узнагародаў. А ўвогуле то быў ордэн камандзiраў i палiтработнiкаў дывiзiйнага зьвяна ды яшчэ лётчыкаў. Для генэралiтэту iснавалi шматлiкiя палкаводчыя ордэны. Даволi дзiўная мэтамарфоза атрымалася з ордэнам Славы, якi ўстанавiлi ў сярэдзiне вайны выключна як узнагароду сяржантаў i салдат дзейнай армii. На вайне ён быў ня надта вышэйшы за папулярны салдацкi мэдаль "За адвагу". Але ў шасьцiдзясятыя гады, з iнiцыятывы Канстанцiна Сiманава, якi зьняў дакумэнтальны фiльм пра кавалераў гэтага ордэна, апошнi дзiўнаватым чынам апынуўся прыроўненым да Залатой Зоркi Героя i ў гэткiм статусе застаецца й цяпер.
