
Зрэшты, наогул цяжка было зразумець пэўную лёгiку ў справе ўзнагародаў, колькасьць якiх у брэжнеўскi час дасягнула сотнi, а то й болей. Кошт iх пасьля рэзка ўпаў, i, мабыць, не засталося старэйшага грамадзянiна, не ўзнагароджанага хоць бы адным ордэнам - за вайну цi за працу. I не якой-небудзь "Працоўнай Славай", а i палкаводчым ордэнам Ленiна - здаецца, самай высокай з усiх нядаўнiх узнагародаў. Старанная даярка ў перадавым калгасе мела гэтых ордэнаў болей, чым нават славуты з часу вайны маршал. Недарэчны статус ордэна Ленiна дазваляў узнагароджваць iм усiх - ад даяркi да маршала i мiнiстра. Толькi салдату на фронце ён быў недаступны, у салдата не хапала нiякай крывi яго заслужыць. Насуперак папулярнай думцы, на вайне наогул узнагароджвалi ня так i часта. Для многiх салдат, што скончылi вайну, пераможны мэдалёк аказаўся адзiнай вайсковай узнагародай, усе астатнiя пазьнейшага, юбiлейнага паходжаньня. Сьпярша за кожны ордэн плацiлi невялiкую суму (на курава), якая неўзабаве пасьля вайны была адмененая, зразумела, "паводле хадайнiцтва працоўных". Бальшавiкi, як вядома, выдатна ўмелi арганiзоўваць такiя "хадайнiцтвы".
Вайна была даўно, за паўстагодзьдзя вырасьлi новыя пакаленьнi. Шкада, аднак, што людзкая памяць пра яе ня толькi скарачаецца ў сваiх магчымасьцях, але й падмяняецца нiбы якой антыпамяцьцю, актыўна капiтулюючы перад прапагандавымi старэатыпамi. Мы перамаглi лютага ворага - нямецкi фашызм, але цi маем мы права забывацца пра кошт нашай перамогi? I якiя яе сапраўдныя мэты - цi толькi разгром фашызму? Што мы прынесьлi на сваiх штыхах вызваленым народам Эўропы? Наколькi ашчасьлiвiлi палякаў, чэхаў, славакаў, вэнграў, румынаў, балгар i югаславаў, якiя й дагэтуль ня могуць выграбцiся з выкапанага для iх рова сацыялiстычнага шчасьця? Праз паўстагодзьдзя пасьля нашай перамогi, можа, варта задаць сабе элемэнтарнае пытаньне: што мы маем ад той нашай перамогi? Вось немцы, напрыклад, не перамаглi, не перамаглi таксама iтальянцы i японцы - стрывалi грандыёзныя нацыянальныя катастрофы.