
Чым болей часу мiнае з памятнага траўня 1945 году, тым болей пытаньняў ставiць мiнулая вайна. Абясцэньваюцца шмат якiя зь нядаўных каштоўнасьцяў, узьнiкаюць новыя. Маладым пакаленьням здаецца, што для iх настаў час, не зьвязаны з праклятым мiнулым, якое стала заслужаным лёсам iхных бацькоў i дзядоў. Але пачакаем з высновамi. Усё ж шмат што ў сьвеце зьвязанае моцнай вяроўчынай, не разблытаўшы тугiя вузлы якой, ня надта пасунесься ў Iнчасьлiвую будучыню. Хоць гiсторыя, як вядома, нiчому ня вучыць, але й вучыцца ў сябе нiкому не забараняе. Таму, вядома, хто хоча, чаму-небудзь навучыцца. Для iншых яна - непатрэбная рэч. У тым лiку i гiсторыя мiнулай i крывавай вайны.
ПАКАХАЙ МЯНЕ, САЛДАЦIК
Аповесьць
Вайна шпарка кацiлася пад адхон, днямi быў узяты Бэрлiн, а мы ўперлiся ў нямецкi абарончы рубеж за невялiкiм аўстрыйскiм гарадком i трэцi дзень стаялi на месцы. Немцы часам пастрэльвалi з гарматаў i мiнамётаў, i тады сярод ладных, вастраверхiх дамкоў гахалi выбухi, i ўшчэнт разьлятаўся наўкола чырвоны друз чарапiцы. Каб ня той даховачны ды цагляны друз, якiм быў закiданы асфальт, было б дужа здатна кацiць на ровары, асаблiва ад павароткi ўнiз да паўразьбiтай дамоўкi на рагу, за якой ля рэчкi стаялi акапаныя гарматы. Увогуле было небясьпечна, маглi i падстрэлiць, хоць кулi зь недалёкага "перадку" сюды не даляталi.
