Вайсковыя дзеяньнi пачалi набываць элемэнт разумнасьцi. Вельмi хутка аказалася, што баявыя статуты, створаныя на падставе досьведу грамадзянскай вайны, мала адпавядаюць характару новай вайны i, у лепшым выпадку, бескарысныя, калi ня шкодныя ў сваiм прымяненьнi. На самой справе, чаго варта было толькi адно iх патрабаваньне аб месцы камандзiра ў баi - наперадзе ланцуга, што заўжды прыводзiла да хуткай пагiбелi камандзiра, пасьля чаго падразьдзяленьне, застаўшыся без галавы, хутка страчвала якое-небудзь баявое значэньне. Паэшалённая будова пяхоты пры наступленьнi заўжды выклiкала занадта вялiкiя страты, асаблiва ад мiнамётнага агню ворага. Зразумеўшы тыя i шмат якiя iншыя недарэчнасьцi, Сталiн вымушаны быў пайсьцi на перапрацоўку статутаў, i ўжо ў ходзе вайны паявiлiся новыя статуты пяхоты - частка I i частка II. У той час, як у войску жорстка караўся нават намёк на перавагу нямецкай тактыкi або нямецкае зброi, дзесьцi наверсе, у генштабе, гэтая перавага ўсё ж улiчвалася, i зь яе рабiлi пэўныя высновы. Са згоды Вярхоўнага тое патроху ўкаранялася ў войску.

Зрэшты, укараняць i запазычваць трэба было нашмат болей i ня толькi з таго, што датычыла тактыкi. Як мы нi хвалiлiся (зразумела, у прапагандавых мэтах) якасьцю айчыннае зброi, нямецкая стралковая зброя спрэс аказвалася больш дасканалай i спрытнейшай, наш славуты ППШ зь вельмi нязручным для напаўненьня дыскавым магазiнам па ўсiх парамэтрах саступаў нямецкаму "шмайсэру". Няўклюдная, з даўжэзным штыхом вiнтоўка XIX стагодзьдзя канструкцыi Мосiна саступала нямецкаму карабiну. Увогуле някепскi сярэднi танк Т-34, манэўровы, з добрым рухавiком, меў слабую браню i пры кепскай 76-мiлiмэтровай гармаце рабiўся лёгкай здабычай нямецкай супрацьтанкавай зброi, найперш - цяжкага танка тыпу "тыгр". Перавага апошняга асаблiва праявiлася ў абароне, пры адбiваньнi наступу нашых "трыццацьчацьвёрак". Выдатная цэйсаўская оптыка i магутная гармата давалi "тыграм" магчымасьць з далёкай адлегласьцi распраўляцца з атакай дзясяткаў нашых танкаў.



6 из 267