Людзей не шкадавалi. Усё на фронце было лiмiтаванае, усё дэфiцытнае i нармаванае, апроч людзей. З тылу, са шматлiкiх пунктаў фармаваньня i навучаньня няспынным патокам iшло да фронту папаўненьне - масы схуднелых, зьнямоглых ад тылавой муштры людзей, якiя трошкi навучаныя былi валодаць вiнтоўкай, але не заўжды разумелi па-расейску. Усе яны папаўнялi парадзелыя ў няспынных баях часткi, каб заўтра ж пад шквальным нямецкiм агнём падняцца ў атаку ды тут жа i ўпасьцi долу. Камандзiрам у стралковым ланцугу каштавала немалых высiлкаў iх падняць, i нярэдка на полi бою можна было бачыць, як камандзiр роты, бегаючы ўздоўж ланцуга, паднiмае кожнага высьпяткам. Падняўшы аднаго, бяжыць да наступнага, i пакуль паднiмае таго, заднi зноў кладзецца долу - забiты цi зь перапуду. Бегаць так доўга пад агнём, вядома, ня мог i ротны, якi таксама неўзабаве выбываў са строю. На некаторых участках фронту такiх бязглуздых, марных атак было мноства, яны iшлi чарадой; мянялiся байцы i камандзiры, але загад атакаваць заставаўся ў сiле. Калi дарэшты выбiвалi палкi i батальёны, дывiзiю адводзiлi ў тыл на перафармаваньне, а ўцалелых камандзiраў прадстаўлялi да ўзнагародаў: за няўхiльнасьць волi ў выкананьнi загаду - была такая ўзнагародная формула. Можна было толькi зьдзiўляцца, што нiхто не пярэчыў i не пратэставаў супраць такой яўнай бязглузьдзiцы. Але за тым, каб усе пакорлiва маўчалi, пiльна сачылi ня толькi вышэйшыя камандзiры, але i палiторганы, упаўнаважаныя асобых аддзелаў, вайсковыя трыбуналы, пракуратура. Загад камандзiра - закон для падначаленых, а на строгасьць начальнiка ў армii скардзiцца забаронена.

Вайна, аднак, вучыла. Не ранейшая, даваенная вайсковая навука, не вайсковыя акадэмii, тым больш, паскораныя курсы вайсковых вучэльняў, але асабiсты вайсковы досьвед, якi клаўся ў аснову баявога майстэрства камандзiраў. Пералом у вайне, калi пасьля першых разгромных месяцаў настала пэўная раўнавага сiлаў, звычайна зьвязваюць з тым фактам, што кадравыя камандзiры канчаткова адцуралiся ад свае вайсковае навукi, а мабiлiзаваныя з запасу, учарашнiя iнтэлiгенты авалодалi ёю на практыцы.



5 из 267