
Дагэтуль дакладна невядома, каму належыць "генiяльная" iдэя мабiлiзаваць на вайну жанчын. Здаецца, гэта чыста савецкае наватарства, у нямецкай армii нiчога падобнага не назiралася да канца вайны. Пры ўсёй агульнавядомай бездэфiцытнасьцi людзкога (мужчынскага) матэрыялу на вайне, якая патрэба была пасылаць пад агонь маладых, малапрыстасаваных да нягодаў баявога жыцьця дзяўчат? Якая з таго была карьсьць? Хiба каб аздобiць вольны час ды ўладкаваць халасьцяцкi быт старэйшых камандзiраў i палiтработнiкаў, якiя на час вайны засталiся бяз жонак i тылавых сябровак? Па дарозе на фронт шмат якiя зь дзяўчат атабарывалiся ў штабах, тылавых установах у якасьцi сакратарак, мэдсясьцёр, сувязiстак, якiя на салдацкай мове называлiся ППЖ. Тыя ж зь iх, што дабiралiся да палкоў i батальёнаў, не выклiкалi да сябе сур'ёзных адносiнаў - на чыста мужчынскай працы, якой зьяўляецца вайна, сярод мужчынскiх масаў яны адразу выяўлялi ўсю сваю бездапаможнасьць. Нават дзяўчаты такой катэгорыi, як снайпэры, што ў хвiлiны зацiшку памiж баямi павiнны былi выпаўзаць на пазыцыi блiжэй да працiўнiка. Прынята лiчыць, што кожны iх снайпэрскi стрэл - гэта забiты немец. На справе ўсё было iнакш. Праляжаць, страляючы пад носам у ворага, можна было лiчаныя хвiлiны, зноў жа кожны дзяўчачы стрэл - зусiм не абавязковае пападаньне ў цэль. Але калi на фронце панаваў спакой i нашыя не наступалi, дык снайпэрская актыўнасьць была адзiным паказчыкам баявой актыўнасьцi, i камандзiры не скупiлiся на лiчбы ў справаздачах.
На пэрыяды франтавога зацiшку прыпадала асаблiвая актыўнасьць палiторганаў. Менавiта тады ў акопах паяўлялiся малазнаёмыя, чыста паголеныя, у скрыпучых партупэях маёры i падпалкоўнiкi, якiя распачыналi з байцамi цёплыя, "душэўныя" гутаркi.
