Я хацеў хутчэй закончыць аповесць i адмахваўся нават ад таго, каб напiсаць фельетон у газету i памагчы людзям... А ў цябе адна дысертацыя, цяпер - другая... Аперацыi... Справы добрыя ўсе... I ты выдумаў сабе фiласофiю... За яе лёгка схавацца. Працуеш ты - дай бог кожнаму. Але падумай, як было б крыўдна i несправядлiва, каб, напрыклад, гiсторыя абароны Брэсцкай крэпасцi так i засталася пахаванай пад яе руiнамi...

Шыковiч неяк дзiўна, бокам, адкацiўся да дзвярэй, стаў у iх вузкiм праёме, упёршыся локцямi ў вушакi. Ён гарэў жаданнем паспрачацца. I не дзеля таго, каб нешта даказаць свайму апаненту, а хутчэй, каб зарадзiць, распалiць самога сябе. Ён чакаў, што адкажа Яраш. Але Яраш адчуваў праўду ў яго словах, хоць з нечым i не згаджаўся. Ды гэтае "нешта" нялёгка было яму адразу выказаць, бо ўвогуле ён не любiў i не ўмеў спрачацца.

Ён сказаў пасля паўзы:

- Я першы напiсаў, што не згодны з вашай кнiгай.

- А пасля - у кусты? Так? - саркастычна прыжмурыў свае маленькiя вочкi Шыковiч.

Яраш глыбока ўдыхнуў паветра i рушыў да яго.

- Не будзь, Кiрыла, як кажа мая Наташка, разумны задам. Я вось што скажу табе, - ён узяўся левай рукой за адчыненыя дзверы. - Калi гэтага гарэння ў цябе не на адзiн дзень, калi ты сур'ёзна хочаш заняцца нашым падполлем, вось табе мая рука. - Шыковiч пацiснуў працягнутую руку. - А калi ты паклiкаў Гукана, каб паказаць перад iм сiлу "вызваленага негра", папсаваць старому чалавеку нервы, я ў такой гульнi не ўдзельнiчаю. Нягледзячы на яго кнiгу, я паважаю Гукана. Чалавек ваяваў добра i папрацаваў - дай бог кожнаму, як ты кажаш. Iдзi пiшы свой артыкул. - Яраш жартаўлiва ўпiхнуў сябра ў пакой.

2

Гукан на абед не прыехаў.

Кiрыла, шумны з ранiцы, вясёлы i лагодны пасля заканчэння свайго артыкула, пачаў хмурнець i злавацца. Знарок сказаў жонцы, што запрасiў у госцi старшыню гарсавета.

Валянцiна Андрэеўна надзвычай тонка адчувала мужаў настрой, а таму не ўпiкнула нiводным словам.



10 из 429