
- Калi ласка. Абед у нас з Галяй добры. Пачакаем.
Кiрыла паглядзеў на гадзiннiк, яму хацелася есцi, можа, таму i злаваўся. Пайшоў да Яраша, якi ляжаў каля ручая пад дубам i чытаў часопiс на ангельскай мове.
- Хам.
- Хто? - Ярашу чамусьцi зрабiлася смешна, i ён закрыў твар далонямi.
- Калi я быў патрэбны яму, тады ён знаходзiў мяне ўсюды. Я знарок прасiў у рэдактара камандзiроўкi ў самыя далёкiя куткi. Ён адклiкаў назад i яшчэ папракаў, што я не маю партыйнага сумлення. "Гэта не мая кнiжка. Гэта партыйнае даручэнне. I мне, i табе". Вось як!
- Юпiтэр, ты злуеш... I паўтараю: не падабаецца мне твой намер. Запрасiць чалавека, каб...
- Дальбог, а запрашаў шчыра. I пагутарыць хачу шчыра. Нарэшце, чаму ты думаеш, што за гэтыя гады погляды яго не змянiлiся? Усё змянiлася.
- А калi шчыра, то цярплiва чакай i, як добры гаспадар, выбач. Мала чаго мог затрымацца чалавек. Ты сам не такi ўжо акуратны.
- Есцi хачу.
- Табе карысна пагаладаць.
Кiрыла лёг на спiну, палажыўшы рукi пад галаву, смачна пацягнуўся. Доўга ўглядаўся ў лiсце дуба. У яго гушчары шасталi, церушылi мохам нейкiя птушкi, але ён нiяк не мог убачыць iх i са смуткам падумаў, што слабее зрок. Непрыкметна прыходзiць старасць. Хацелася пафiласофстваваць на гэтую тэму. Але Яраш уважлiва чытаў. Кiрыла паглядзеў на сябра i не адважыўся перашкаджаць. Жыла ў iм павага да людзей, якiя чытаюць на замежнай мове. Павага i зайздрасць. Ён шкадаваў, што быў гультаём i не вывучыў нiводнай мовы. Праўда, тут жа знаходзiў апраўданне: яго пакаленню было не да таго. А хiба Яраш не з яго пакалення?
Неяк Яраш сказаў, што не позна запоўнiць гэты прабел цяпер. Не позна! Куды к чорту! Няма калi пачытаць на роднай мове, не тое што вучыць чужую.
А неба... неба якое сёння! Яснае, яно нiколi, аднак, не бывае аднолькавым, мае тысячы адценняў. I адценнi гэтыя мяняюцца на вачах. Вось як цяпер. I хмаркi-аўчынкi заўсёды розныя - па форме, па абрысах. Гэтая, што плыве над ляснiцтвам, падобна на... На што? На прычоску Элы, машынiсткi рэдакцыi. Кiрыла сумна ўсмiхнуўся: ён не вельмi багаты на метафары i параўнаннi. Заўсёды пакутлiва шукаць iх, каб былi трапныя, арыгiнальныя. Ён вiнавацiць газету яна засушыла. Нават доўга любавацца небам ён ужо не можа, стамляецца. Натура яго прагне дзейнасцi, хоць якой-небудзь.
