Доктар хацеў было ўжо вярнуцца назад, у лазнякi, але Шыковiч угледзеўся i здзiўлена выгукнуў:

- Фу, чорт! Калi ты не заўважаў у мяне галюцынацый, то гэта - сам Гукан. Далiбог, ён!

Яны наблiзiлiся. Сапраўды, гэта быў ён - старшыня гарсавета Гукан. Шыковiч прывiтаўся. Гукан адказаў няўважлiва, як малазнаёмым, цалкам прыкаваны ўвагай да паплаўка. Вуд у яго было некалькi. Адно бамбукавае вудзiльна ён трымаў у руках, другiя былi ўтыркнуты ў глiнiсты бераг. Ён стаяў, шырока расставiўшы свае доўгiя ногi, нахiлiўшыся над самым абрывам. З худым аскетычным тварам, глыбокiмi вачамi i густымi сiвымi брывамi, ён нагадваў у профiль ястраба, якi выглядваў здабычу, здавалася, на самым дне ракi. Апрануты Гукан быў звычайна для летняга дня i рыбнай лоўлi - у белы палатняны касцюм. Але адразу кiдалася ў вочы некаторая старамоднасць у гэтым касцюме, нiбы ён быў пашыты гадоў трыццаць назад. Пiнжак зроблены ў форме фрэнча, з хлясцiкам, з вялiкiмi нагруднымi кiшэнямi, моцна адтапыранымi, i яшчэ большымi бакавымi, таксама нечым напакаванымi. (Можа, гэта i зручна для рыбалова - такое мноства кiшэняў.) Яшчэ больш старамодна выглядала шапка... Зашмальцаваная, скамечаная наперадзе над казырком, абвiслая ззаду, яна неяк смешна маладзiла гаспадара, робячы яго падобным на купецкага прыказчыка.

Яраш заглянуў у гумавае вядзерца, што стаяла ззаду рыбалова, убачыў, што яно амаль поўнае рыбы, i адчуў павагу да чалавека, якi ўмее вудзiць; не тое што другiя - абы час загубiць. Доктар паважаў усялякае ўменне.

Шыковiч разглядаў Гукана з iранiчнай усмешкай: ён упершыню бачыць яго ў такой форме i ролi.

Толькi падсекшы i выкiнуўшы на траву трапяткога акунька, Гукан павярнуўся да iх i працягнуў руку.

- Што гэта вы, Сямён Парфёнавiч! Мы вас чакаем, - выказаў крыўду Шыковiч, хоць цяпер яго чамусьцi мала кранула тое, што Гукан не прыехаў.

- Прабач, Кiрыла... Не ўтрымаўся ад спакусы. Калi нашаму брату ўдаецца выбрацца на лона прыроды. Вось i думаю: палаўлю i з'яўлюся ў госцi са сваёй юшкай. Чакай.



17 из 429