
Яраш умеў не толькi любавацца прыродай, ён заўсёды стараўся ўспомнiць цi выявiць законы яе з'яў. Шыковiч, нягледзячы на сваю прафесiю, не любiў глыбока пранiкаць у сутнасць гэтых з'яў. У хвiлiны адпачынку ён як бы выключаў свой розум, даючы поўную волю пачуццям. Апынуўшыся на высокiм беразе над вiрыстай плынню, ён узмахнуў рукамi, быццам жадаючы паляцець, прагна ўдыхнуў рачную прахалоду i ад захаплення галёкнуў:
- О-го-го! Хараство-о-о! - i сеў на спаленую жорсткую траву, звесiўшы з абрыву ногi. - Нiкуды далей не iду. Вось тут маё месца. - Кiнуў унiз вуду i сам з'ехаў на спiне па пясчаным адхоне; каля самай вады, на мокрым пяску, не сеў, а лёг, раскiнуўшы, як забiты, рукi i ногi.
Яраш, пасмiхаючыся з яго дзiвацтваў, ледзь пераканаў, што тут рыба не бярэцца i сядзець на гэтым месцы - марна трацiць час. А вось ён ведае мясцiну, дзе акунi самi лезуць на кручок.
Сцежка вяла праз густы лазняк, што парос на пясчаных наносах. Лазiны сцёбалi па твары, па руках. Кiрыла лаяўся:
- Ты, эскулап, знарок мяне цягаеш па гэтым гушчары. Каб я больш нагiнаўся. Цябе Валя падкупiла? Прызнайся.
Яраш смяяўся, iдучы наперадзе. Выйшлi з лазнякоў. Яраш спынiўся i расчаравана свiснуў.
- Захапiў нейкi тып наша месца.
Бераг тут панiжаўся. Наперадзе працякала лугавая крынiчка: яна жывiла сенажаць, даўжэй трымаючы разлiў, а таму i ўлетку, калi на сухадолах пабляклi ўжо фарбы, пойма яе вабiла вока веснавой свежасцю. Каля лазнякоў, дзе спынiлiся крыху расчараваны Яраш i абыякавы Шыковiч, над негустым разнатраўем ужо ўзвышалiся мяцёлкi цiмафееўкi i лiсахвосту, кастрыцы i шчаўя. I толькi зязюлiны слёзы ды смолка яшчэ рассыпалi свае дробныя яркiя кветкi. А там, нiжэй, усё яшчэ цвiло, кожная травiнка; жоўтыя, чырвоныя, лiловыя, васiлькова-сiнiя, блакiтныя кветкi, злiваючыся ў дзiвосны вясёлкавы колер, закрывалi яркую зелень травы.
I там, на мысе, дзе ручай улiваўся ў раку, пад вярбой сядзеў той, што захапiў улюбёнае месца Яраша.
