
Iра паправiла акуляры i таксама пачала ўглядацца ў неба. Галубiнай чарады яна не ўбачыла сваiмi блiзарукiмi вачамi i, зняважлiва зморшчыўшы нос, сказала:
- Яны даўно ўжо ў горадзе, вашы галубы.
- Не каркай! - кiнуў з даху Вiктар.
Гэта быў першы гон прывезеных з горада на дачу галубоў, i бацька з сынам моцна перажывалi - цi вернуцца яны?
Але як нi быў заняты Антон Кузьмiч галубамi, ён не пакiнуў без увагi сынавы словы.
- Э-э, браце мой! Ты як размаўляеш з дзяўчынай? Яна ж на пяць год старэйшая за цябе. А ты ёй - "не каркай!". Жах!
Валянцiна Андрэеўна заступiлася за хлопца:
- Не вялiкая панi. Як яна, так i да яе. Мы тут усе на "ты". Адна сям'я.
Дзяўчына з iранiчнай усмешкай зiрнула на мацi i пайшла па сцежцы да раўчака, што працякаў метраў за сорак ад дачы. Здалёк паклiкала:
- Наташка! Хадзем на луг!
Дванаццацiгадовая дачка Ярашаў сядзела на падаконнiку, звесiўшы ногi на двор, i чытала, абыякавая да галубоў, да якiх учора яшчэ выяўляла iнтарэс i, магчыма, зацiкавiцца заўтра. Але сёння ёй было не да галубоў. Усю ранiцу чытала яна "Прыгоды Гекльберы Фiна" i ўвесь час рагатала, стукаючы ад захаплення пяткамi па сцяне. Запрашэння Iрынага яна не пачула.
Галiна Адамаўна сказала:
- Наташа, цябе клiчуць.
Дзяўчынка не адгукнулася.
- Наташка!
- Га!
- Схадзiце з Iрай на луг i нарвiце шчаўя.
- О божа! - цяжка ўздыхнула малая. - Што за жыццё на гэтай дачы! Старонкi не дадуць прачытаць чалавеку.
Жанчыны засмяялiся.
- Наталка! - гукнуў Яраш. - Не бурчы, свякруха. Кацiся абаранкам на луг. Цябе галубы баяцца.
- Жыцця няма ад вашых галубоў. - Наташа перакiнула ногi цераз падаконнiк i знiкла ў пакоi, Вiктар паведамiў мiж тым:
- Ляцяць!
- Дзе?! Дзе? - затупаў па даху Яраш, ажно задрыжаў увесь дом, выхапiў у сына бiнокль, радасна загудзеў: - Ага, ляцяць! Вяртаюцца. А што я вам казаў? Малаверы! - папракаў ён немаведама каго, бо нiхто нiчога не казаў, калi не лiчыць кароткай Iрынай заўвагi.
