Чарада галубоў пранеслася над соснамi, нiзка абляцела вакол дома, памкнулася на вышкi, дзе была галубятня, i, спуджаная Ярашавым свiстам, зноў узвiлася ўгару.

Галiна Адамаўна, па-дзявочы стройная, млява пацягнулася, закiнуўшы голыя рукi за галаву.

- А хораша тут. Я даўно так не адпачывала.

- Хораша, калi гасцей няма. Кожны дзень госцi. Абрыдла. Кiрыла бясконца каго-небудзь запрашае. Яму сумна без гасцей. А мне гатуй ды талеркi мый цэлы дзень. Антон! - гукнула Валянцiна Андрэеўна Яраша. - Рыбу лавiць пойдзем?

У Галiны зноў загарэлiся шчокi. Яна баялася гэтых паходаў мужа i суседкi з вудамi да ракi, дзе густыя лугавыя зараснiкi, хоць яны яшчэ нiколi не заставалiся там адзiн на адзiн, з iмi заўсёды iшлi або Вiця, або Наташа, або Iра, цi часцей усе трое. Сама яна знарок не хадзiла, каб не падумалi, што не давярае цi пiльнуе. Не, ёй вельмi i шчыра хацелася быць такой, як муж, - ён ва ўсiм верыць ёй, як Шыковiч, абыякавы да таго, куды i з кiм iдзе яго жонка, як Валянцiна. Хочацца... Але яна не можа. Яна пакутуе. I, магчыма, не столькi ад самой рэўнасцi, колькi ад сораму за яе i за сябе, што яна вось такая - не як другiя. Але каб ён быў не такi, яе Антон. Можа, тысячны раз яна палюбавалася яго асiлкавай постаццю, што ўся iмкнецца ў неба за галубамi, яго дужымi голымi рукамi, шырокiм i мужным тварам, валасамi каштанавага колеру... Яна не ведае больш прыгожых валасоў. Дурнi тыя, хто кажа, што доктар Яраш трохi рудаваты. Каб яны прыгледзелiся блiжэй, каб маглi пагладзiць гэтыя мяккiя валасы, пачуць, як яны пахнуць, прытулiць гэтую разумную галаву да грудзей... Вось так... Яна мысленна абняла мужа. I тут жа адчула пякучы боль ад думкi, што калi-небудзь другая, чужая жанчына абнiмала яго. Закружылася галава. Як праз сон да яе даляталi словы суседкi:



3 из 429