"Актор, чортава жардзiна! Я дорага заплацiў бы, каб даведацца, пра што ты думаеш".

Яны доўга маўчалi.

Нарэшце, чапляючы новага чарвяка, Гукан сказаў:

- Гэта цябе Яраш падбiвае на падполле? Раю не вельмi давяраць яму. Анархiст.

- Яраш - анархiст? - Кiрылу стала чамусьцi весела. - Больш дысцыплiнаванага чалавека я не ведаю.

- Розная бывае дысцыплiна. Безумоўна, ён выконваў адказныя заданнi. Але гэта была, так сказаць, не галоўная лiнiя нашай барацьбы. I яго трымалi ўбаку. Таму ў яго склалася дзiўнае ўяўленне аб падполлi. У нашай кнiзе, канешне, не ўсе факты i людзi названы... Але я i не ставiў такой мэты...

"Кнiга наша, а мэта твая", - засек у думках Кiрыла.

- Мы далi агульную ацэнку... А Яраш хацеў перакрэслiць усё, бо не назвалi яго... Помнiш яго пiсьмо?..

Шыковiч успомнiў сваё першае знаёмства з Ярашам, як, атрымаўшы пiсьмо, знайшоў маладога лекара. I той расказваў пра сваiх сяброў-падпольшчыкаў з болем, з крыўдай.

Не, Яраш пiсаў тады не з-за сябе! У гэтым Кiрыла цвёрда пераканаўся. Але мае рацыю i Гукан: у Яраша ў той час сапраўды было блытанае ўяўленне аб агульнай карцiне падпольнай барацьбы ў горадзе.

Адначасова Кiрыла прыгадаў сённяшнюю размову з сябрам, яго словы пра тое, што цi варта варушыць мёртвых i падзеi даўно мiнулых дзён. Нават Яраш, нястрымны i нястомны Яраш, пачаў вось як разважаць! Што гэта - старасць? Дача, галубы, рыба...

А можа, сапраўды, гэта не тое, самае галоўнае, што патрэбна цяпер народу?

У Шыковiча нярэдка ўзнiкалi такiя сумненнi ў актуальнасцi сваiх творчых задум. Гэта цяжкiя сумненнi, яны часта выклiкалi дэпрэсiю, абыякавасць, застой. Кiрыла баяўся iх. Таму яму больш не хацелася нi "мацаць" Гукана, нi ўвогуле прадаўжаць размову пра гэта. Трэба пераключыцца на штось iншае!

Яму пашанцавала: нырнуў паплавок, ён падсек i выкiнуў нiштаватага язя. Яго ўдача падагрэла рыбацкi азарт Гукана, бо язя той не ўзяў нiводнага. Сямён Парфёнавiч сеў блiжэй i пачаў расказваць пра звычаi рыб. Расказваў падрабязна, хоць вельмi манатонна. Кiрыла маўчаў. Глядзеў, як гойдаецца паплавок, слухаў журчанне вады, крыкi ластавак. Мацней пахла дажджом. Усё гэта супакоiла i зноў расслабiла мозг, цела. Рака закалыхвала...



21 из 429